Сэсар Вальеха (ісп.: César Abraham Vallejo Mendoza; 16 сакавіка 1892, г. Сант’яга-дэ-Чука, Перу — 15 красавіка 1938, Парыж, Францыя) — перуанскі празаік, паэт.
У першым зборніку вершаў «Чорныя геральды» (1918; беларускі пераклад Рыгора Барадуліна, 1993) элементы паэтыкі лацінаамерыканскага мадэрнізму арганічна спалучаны з протаавангардысцкімі тэндэнцыямі і індзейскім фальклорам. У 1920—21 зняволены за ўдзел у сялянскіх хваляваннях. У турме напісаў зборнік «Трыльсе» (1922), вытрыманы ў традыцыях авангардысцкай паэзіі. 3 1923 у эміграцыі (Францыя, Іспанія). У 1928 і 1931 наведаў СССР. Напісаў раман пра рабочых-індзейцаў «Вальфрам» і публіцыстычную кнігу «Расія ў 1931 годзе» (абодва 1931). Пад уражаннем грамадзянскай вайны ў Іспаніі 1936—1939 стварыў цыкл «Іспанія, няхай абмінае мяне чаша гэта» (выд. 1939). Сталая творчасць (зборнік «Чалавечыя вершы», выд. 1939) характарызуецца прастатой і эмацыянальнасцю, спалучэннем авангардысцкага наватарства з сацыяльнай і агульначалавечай праблематыкай. Аўтар публіцыстычнай кнігі «Супраць прафесійнай тайны», «Мастацтва і рэвалюцыя» (абедзве выд. 1973).