wd wp Пошук:

Сухія лясы Мадагаскара

Сухія лясы Мадагаскара — экарэгіён сухіх трапічных шыракалістых лясоў, якія растуць уздоўж заходняга ўзбярэжжа вострава Мадагаскар. Працяглая ізаляцыя Мадагаскара ад астатняга свету вызначыла непаўторнасць аблічча і яго сухіх трапічных лясоў. Іх флора і фаўна з’яўляюцца аднымі з самых багатых і своеасаблівых у свеце, характарызуюцца вялікай колькасцю эндэмічных відаў, родаў і сямействаў.

Клімат

Клімат экарэгіёна сухі трапічны, сухі сезон можа працягвацца 8 месяцаў, дажджы выпадаюць з кастрычніка па красавік. Тэмпературы вар’іруюць ад 30°-33 °C да 8°-21 °C. Гадавая колькасць ападкаў складае ад 1500 мм на поўначы да 1000 мм на поўдні.

Структура лесу

Гэтыя лясы ў цэлым лістападныя, характарызуюцца багаццем адносна цяжкага апалага лісця. На структуру, відавы склад і вышыню лясоў вялікі ўплыў аказваюць глебы. Так на найбольш урадлівых глебах растуць больш высокія лясы, вышыня дрэў складае 10-15 м. На пясчаных глебах дрэвы вырастаюць да 10-12 м, а на скальных растуць толькі нізкарослыя лясы. Асноўныя лесаўтваральныя пароды належаць сямействам бабовыя (Fabaceae), Bignoniaceae, малачайныя (Euphorbiaceae), сапіндавыя (Sapindaceae) і сумахавыя (Anacardiaceae). Сярод кустоў шырока прадстаўлены сямействы Leguminosae і марэнавыя (Rubiaceae). У гэтым ярусе разнастайныя ліяны сямейства Asclepiadaceae. Травяны полаг развіты слаба, аднак у некаторых лясах можна сустрэць дыван з архідэй Lissochilus.

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Сухія трапічныя і субтрапічныя лясы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0
Катэгорыя·Геаграфія Мадагаскара
Катэгорыя·Лясныя экарэгіёны