Страфа́рыя, Перавяслаўка[1] (Stropharia) — род шапкавых базідыяльных грыбоў сямейства страфарыевых.
Шапка дыяметрам да 12 см, шыроказваночкавая, выпуклая, у старых грыбоў плоскараспасцёртая, слізістая, рознай афарбоўкі. Мякаць тонкая, блакітная ці белая. Гіменафор пласціністы, пласцінкі прырослыя, аднаго колеру з шапкай або белыя. Ножка цыліндрычная, з кольцам, ніжэй яго лускаватая.
На Беларусі трапляюцца страфарыя сіне-зялёная (Stropharia aeruginosa) і страфарыя Гарнемана (Stropharia hornemannii), растуць у лясах у ліпені—верасні.
Страфарыя сіне-зялёная (Stropharia aeruginosa) — ядомы грыб. Страфарыя Гарнемана (Stropharia hornemannii) — ядавітая.