Со́рмаўскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Цэнтр — горад Чэрыкаў (не ўваходзіць у склад).
Утвораны 8 ліпеня 1960 года ў складзе Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці БССР шляхам аб’яднання скасаваных Язёрскага, Мірагошчанскага і Шароеўскага сельсаветаў з цэнтрам у вёсцы Сормава[1]. З 25 снежня 1962 года ў складзе Краснапольскага раёна, з 6 студзеня 1965 года — Крычаўскага раёна, з 30 ліпеня 1966 года — адноўленага Чэрыкаўскага раёна. 18 лютага 1972 года ў склад зноў утворанага Язёрскага сельсавета перададзены 19 населеных пунктаў (Бакаў, Вербеж, Вінаград, Грыўкі, Заазер’е, Звязда, Карпаўскі, Міхлін, Новая Слабада, Новы Свет, Поліпень, Прыпёчына, Рагаліна, Рамідоўшчына, Ржавец, Сакалоўка, Селішча, Шыманы і Язёры), у склад сельсавета з Рэчыцкага сельсавета перададзены 9 населеных пунктаў (Анюціна, Вудага, Глінь, Загурковішча, Карма, Кістоўня, Ляшчэвіна, Масткова і Палам)[2]. У 1977 годзе вёска Сормава ўвайшла ў склад Чэрыкава. 21 лістапада 1989 года 4 населеныя пункты (вёскі Анюціна, Вудага, Загурковішча і пасёлак Карма) перададзены ў склад Верамейскага сельсавета[3]. 28 жніўня 1994 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Лабанаўскага сельсавета. 23 снежня 2009 года ў склад Рэчыцкага сельсавета перададзены 8 населеных пунктаў (Багданаўка, Вымач, Глінь, Зоры, Латышчына, Ляшчэвіна, Масткова і Ямкі)[4].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года (25 населеных пунктаў) — 1413 чалавек[5], з іх 93,1 % — беларусы, 5,0 % — рускія, 1,6 % — украінцы[6].