Сла́ўнае — балота вярховага тыпу ў Талачынскім, Крупскім і Круглянскім раёнах, па водападзеле р. Еленкі і Можы (прытокі р. Бобр). На балоце азёры Касмачэўскае, Сярэдняе, Яложынскае. Мае значныя запасы бітумінознага і гідролізнага торфу, уваходзіць у склад Міжрэчанскай комплекснай сыравіннай базы. Плошча балота складае 4,1 тыс. га, у межах прамысловага паклада 3,2 тыс. га. Глыбіня торфу да 7,8 м, сярэдняя 3,2 м, ступень распаду 22 %, попельнасць 2 %. Станам на 1 студзеня 1984 запасы торфу 10 млн. т. На балоце ёсць сапрапель, на 45 % плошчы — подсцільны торф. Балота ў натуральным стане пад рэдкім хваёвым лесам.