wd wp Пошук:

Скрытажабравыя

Скрытажабравыя, скрытажабернікі, гіганцкія саламандры (Cryptobranchidae) — сямейства хвастатых земнаводных.

Уключае найбольш прымітыўных хвастатых амфібій, што паўторна цалкам перайшлі да воднага спосабу жыцця. Прадстаўляе самых буйных сучасных земнаводных.

Апісанне

Даўжыня да 1,8 м, маса да 70 кг. Цела пляскатае, галава вялікая, плазаватая, рот шырокі. Кароткія тоўстыя пярэднія ногі маюць па 4 пальцы, заднія — па 5. Хвост веслападобны, сціснуты з бакоў, складае крыху менш за палову даўжыні. Бародаўчатая мяккая скура ўтварае падоўжныя складкі па баках тулава; такія ж складкі аблямоўваюць заднія краі ног. Маленткія пазбаўленыя павек вочы шырока расстаўлены, наадварот, ноздры, якія ляжаць спераду, моцна збліжаныя. Афарбоўка верхняга боку цела шэра-бураватая з больш цёмнымі расплывістымі плямамі, ніжні бок светла-шэры з цёмнымі плямамі. У дарослых захоўваюцца 2—4 жабравыя дугі.

Пашырэнне

Вядомы з міяцэну (25—7 млн гадоў назад). Падзяляюцца на 2 роды, 3 віды.

Трапляюцца ва Усходнім Кітаі (Andrias davidianus) і Японіі (Andrias japonicus), больш дробны від (Cryptobranchus alleganiensis) — на паўднёвым усходзе Паўночнай Амерыкі. Жывуць у сярэднім цячэнні хуткіх горных рэк і ручаёў.

Азіяцкія віды амаль вынішчаны.

Асаблівасці біялогіі

Кормяцца рыбай, земнаводнымі, воднымі беспазваночнымі. Пад буйнымі камянямі ці падмытымі навіслымі берагамі яны праводзяць светлы час сутак. Кормяцца ўначы, пажыву адшукваюць пры дапамозе нюху, паволі перасоўваючыся па дне. Затаіўшыся, яны часта падпільноўваюць здабычу і хапаюць яе хуткім бакавым рухам галавы, пасля чаго ўтрымліваюць ахвяру сківіцамі, узброенымі дробнымі зубамі.

У жніўні — верасні самка адкладае некалькі соцень адносна дробных яец дыяметрам 6—7 мм. Кладка у выглядзе ружанцападобных шнуроў змяшчаецца пад вадой, на глыбіні 1—3 м у гарызантальнай нары берага. Ікру сцеражэ самец, ствараючы рухам хваста лепшыя ўмовы аэрацыі. Развіццё ікры пры тэмпературы каля 12 °С доўжыцца 60—70 сутак. Лічынкі вылупіляюцца даўжынёй каля 30 мм, маюць тры пары вонкавых жабраў, зародкі канечнасцяў і доўгі хвост з шырокай ніжняй плаўніковай складкай. Лічынкі губляюць вонкавыя жабры пры даўжыні цела каля 20 см, якой дасягаюць прыкладна цераз год.

Промысел і ахова

Мяса ядомае. Кітайская гіганцкая саламандра Andrias davidianus знаходзіцца пад пагрозай знікненнія, від уключаны ў Чырвоную кнігу МСАП.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Хвастатыя земнаводныя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы, дзе адсутнічае перанакіраванне з лацінскай назвы таксона
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта