Семука́цкі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці Беларусі. Цэнтр — аграгарадок (да 2010 года вёска) Семукачы.
Утвораны 16 ліпеня 1954 года ў складзе Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці БССР шляхам аб’яднання тэрыторыі скасаваных Гарадзішчанскага і Вялікабялевіцкага сельсаветаў[1]. 22 ліпеня 1960 года скасаваны, тэрыторыя ўвайшла ў склад новаўтворанага Бокатаўскага сельсавета, 16 населеных пунктаў перададзены ў склад Вендаражскага сельсавета (Александроў, Альхоўка, Барок, Бярозаўка, Вялікія Бялевічы, Катвіна, Коркаць, Майшчына, Малыя Бялевічы, Мікалаеўка, Міхайлаўск, Навабеліца, Паддуб’е, Паўлаўск, Рубеж і Укружжа)[2].
4 чэрвеня 1965 года сельсавет утвораны зноў у складзе 40 населеных пунктаў: 15 населеных пунктаў Вендаражскага сельсавета (Александроў, Альхоўка, Барок, Барсукі, Бярозаўка, Вялікія Бялевічы, Дуброўка, Катвіна, Коркаць, Майшчына, Малыя Бялевічы, Паддуб’е, Паўлаўск, Рубеж і Укружжа) і 25 населеных пунктаў Бокатаўскага сельсавета (Александроў, Алень, Арлянка, Астраўшчына, Брод, Вазраждзенне, Вугал, Вялікае Запаточча, Гарадзішча, Займішча, Кулі, Лупалава, Майдан, Малое Запаточча, Новая Ніва, Перамога, Пушча, Рог, Семукачы, Сінюга, Смалярня, Старое Ляда, станцыя Семукачы, Хімніца і Ямішча)[3]. 5 жніўня 2010 года скасавана вёска Барок[4], 29 чэрвеня 2018 года — вёскі Рубеж і Укружжа[5].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 1032 чалавекі[6], з іх 95,8 % — беларусы, 3,1 % — рускія, 0,8 % — украінцы[7].