Се́йлавіцкі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці Беларусі. Цэнтр — аграгарадок (да 2010 года вёска) Сейлавічы.
Утвораны 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Нясвіжскага раёна Баранавіцкай вобласці БССР. З 8 студзеня 1954 года ў складзе Мінскай вобласці. 9 жніўня 1960 года ў склад Нясвіжскага сельсавета перададзена вёска Слаўкава[1]. Станам на 1 студзеня 1974 года ў складзе сельсавета было 3 населеныя пункты[2]. 28 мая 2013 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаваных Навасёлкаўскага (6 населеных пунктаў: аграгарадок Старыя Навасёлкі, вёскі Амлынцы, Кучынаўшчына, Новыя Навасёлкі, Петухоўшчына і Стрыхараўшчына) і Юшавіцкага (6 населеных пунктаў: аграгарадок Юшавічы, вёскі Бузуны, Бучныя, Затур’я, Ракавічы, Цагельня) сельсаветаў[3].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года (3 населеныя пункты) — 939 чалавек[4], з іх 86,0 % — беларусы, 6,8 % — палякі, 5,3 % — рускія[5].