У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Маршак. Самуіл Якаўлевіч Маршак (3 лістапада 1887, Варонеж — 4 ліпеня 1964) — савецкі паэт, перакладчык; адзін з пачынальнікаў расійскай дзіцячай літаратуры.
Вучыўся ў Лонданскім універсітэце (1913-14). У 1892-94 гадах жыў у Віцебску. У 1920 годзе арганізаваў у Краснадары адзін з першых расійскіх дзіцячых тэатраў. Друкаваўся з 1904 года.
Пісаў вершы для дзяцей: «Казка пра неразумнае мышаня» (1923), «Вось які рассеяны» (1928), паэтычныя зборнікі «Дзеткі ў клетцы» (1923), «Рознакаляровая кніга» (1947), «Вершы для дзяцей» (1950). Аўтар аповесці ў вершах «Містэр Твістэр» (1933), «Апавядання пра невядомага героя» (1937), паэтычнай энцыклапедыі «Вясёлае падарожжа ад А да Я» (1952), п’ес-казак «Гора баяцца — шчасця не ўбачыць» (1922), «Церамок» (1941), «Дванаццаць месяцаў» (1943) і інш. Яго творы адметныя блізкасцю да фальклору, непасрэднасцю, добрай казачнасцю, гумарам, гарэзлівасцю. Кнізе «Выбраная лірыка» (1962) уласцівы глыбіня пранікнення ў вечныя праблемы быцця, шчырасць, імкненне да гармоніі. У вайну ствараў сатырычныя вершы і подпісы да палітычных плакатаў. Аўтар кнігі ўспамінаў «У пачатку жыцця» (1962), зборніка артыкулаў пра літаратурнае майстэрства «Выхаванне словам» (1961) і інш.
Майстар мастацкага перакладу: «Санеты Шэкспіра ў перакладах С. Маршака» (1948), вершы Р. Бёрнса, У. Бленка, Дж. Радары, Дж. Кітса, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, Цёткі і інш. Падтрымліваў творчыя сувязі з Я. Коласам. На беларускую мову асобныя творы С. Маршака пераклалі А. Астрэйка, П. Броўка, В. Вітка, К. Кірэенка, М. Лужанін, М. Маляўка, У. Шахавец, А. Якімовіч і інш.