wd wp Пошук:

Самбор-Прэй-Кук

Самбор-Прэй-Кук (кхмер.: សំបូរព្រៃគុហ៍) — археалагічны помнік на месцы старажытнага горада Ішанапура, сталіцы дзяржавы Чэнла. Агульная плошча — 840,03 га.

Гісторыя

Горад Ішанапура быў заснаваны ў першай палове VII ст. Ішанаварманам I, каралём дзяржавы Чэнла. Ён складаўся з умацаванай часткі, месца для жылля і храмавай часткі. Агульная плошча складала 3000 га. Галоўнай рэлігіяй насельнікаў быў шываізм, але на сценах храмаў знойдзены прысвячэнні і іншым багам, магчыма нават мясцовым.

Відавочна, горад быў пакінуты жыхарамі ў пачатку VIII ст. падчас кіравання валадаркі Джаядэві. Але некаторыя даследчыкі лічаць, што Ішанапура была першай сталіцай Кхмерскай імперыі да заснавання Ангкора.

У 1970 г. тэрыторыя Самбор-Прэй-Кук бамбавалася амерыканскімі ВПС. Падчас грамадзянскай вайны ў Камбоджы мініраваліся джунглі вакол рэштак старажытнага горада. Размініраванне працягвалася да 2008 г. У нашы дні археалагічны помнік адкрыты для наведвальнікаў.

Славутасці

Найбольшую цікавасць уяўляе храмавая зона Самбор-Прэй-Кук. Яна складаецца са 186 храмаў і падзяляецца на 3 комплексы, кожны з якіх мае цэнтральную вежу на прыпаднятай платформе і мур. Храмы пабудаваны з цэглы і латэрыту ў розных формах, канфігурацыях і памерах, але асаблівай увагі заслугоўваюць 11 васьмікутных храмаў, спраектаваных у адпаведнасці з агульнымі прынцыпамі старажытнаіндыйскай архітэктуры. Лічыцца, што яны ўвасабляюць палац бога Індры.

Ахова

У 2017 г. Самбор-Прэй-Кук быў унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Сусветная спадчына паводле алфавіта
Катэгорыя·Сусветная спадчына ў Камбоджы
Катэгорыя·Былыя сталіцы
Катэгорыя·Гісторыя Камбоджы