wd wp Пошук:

Рэмез звычайны

Звычайны рэмез (Remiz pendulinus) — невялікая птушка сямейства рэмезавых.

Апісанне

Даўжыня цела 10-11 см, размах крылаў 16-17,5 см, маса 8-11 г. Крыху меншы за вялікую сініцу. Верх галавы белы з рознымі адценнямі ржавага колеру, бакі галавы чорныя. Пярэдняя частка спіны каштанавая, задняя — вохрыстая, брушка белаватае. Маладыя шараватыя, без чорнай плямы на баках галавы, часам верх цела рыжаваты. Песня — цiхі шчэбет.

Пашырэнне

Арэал у Еўропе разарваны: Пiрэнейскi паўвостраў i ад Бельгii, Германii i Iталii праз Паўднёвую, Цэнтральную і Усходнюю Еўропу, Малую Азію, Цэнтральную і Усходнюю Азію да Манголii і поўдня Iрана. Iзалявана сустракаецца ў Кiтаі, Карэi i Японii. На поўначы арэала пералётны, на поўні — аселы. Тэрыторыя Беларусі ўваходзіць у гняздовы арэал віду, рэдкі гнездавальны пералётны від.

Насяляе вільготныя і прырэчныя лугі, дэльты i эстуарыi, ставы і неглыбокія азёры з дрэвамі па берагах, балоты. Месцы пражывання: густыя вербнякі па берагах рэк і старыц, поймавыя забалочаныя лугі з асобнымі дрэвамі каля вады.

Асаблівасці біялогіі

Прылёт у другой палове красавіка. Гнёзды размяшчаюцца не бліжэй за 200 м адно ад другога на бакавых галінках вярбы, звіслых над вадой, радзей на дубах, бярозах, вольхах на вышыні 2-4 м ад паверхні вады. Яны па-майстэрску звіты з лубу вербаў і пуху іх суквеццяў, збоку нагадваюць невялікую рукавіцу з незакончаным вялікім пальцам, маюць адну, вельмі рэдка дзве адтуліны — ляткі. Побач з асноўным гняздом будуецца дадатковае, у якім птушкі адпачываюць, начуюць. Як правіла, дадатковае гняздо няскончанае, нагадвае прыгожую «калыску». У кладцы 5-7 белых яек велічынёй 16,6 x 10,6 мм. Яйкі ў гняздзе перакладзены раслінным пухам і таму не разбіваюцца пры моцным хістанні галін ад ветру. Збудаванне гнёздаў і кладка заканчваюцца ў траўні, вылет птушанят у першай дэкадзе чэрвеня.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Рэмезавыя
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без EOL
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта