Рудольф Крэмлічка (чэшск.: Rudolf Kremlička; 19 чэрвеня 1886, Колін, Цыслейтанія — 3 чэрвеня 1932, Падолі) — чэшскі жывапісец і графік.
Рудольф Крэмлічка атрымаў мастацкую адукацыю ў 1907—1912 гадах у пражскай Акадэміі прыгожых мастацтваў, пад кіраўніцтвам прафесараў Улаха Букаваца і Багуміра Роўбаліка. Аднак стылістычна Крэмлічка як мастак аказаўся бліжэй да творчасці Максіміліяна Пірнера і Гануша Швайгера; гэтак жа, як і апошні, Крамлічка вывучае стары галандскі жывапіс і пераймае яго.
Раннія палотны Р. Крэмлічкі («Дзяўчынка ў белым трыко» (1915), серыя «Танцоўшчыцы» (1916—1918)) напісаны ў імпрэсіянісцкім стылі. У канцы 1910-х гадоў абазначыўся пералом у творчасці мастака, усё больш пазначаецца яго ўласны, індывідуальны творчы стыль, які імкнецца да неакласіцызму. Палотны цыкла «Прачкі» (1919—1923) нясуць у сабе сацыяльна-палітычны падтэкст, тыповы для еўрапейскага левага мастацтва ў перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі.
У перыяд з сярэдзіны 1920-х і да пачатку 1930-х гадоў Р. Крэмлічка стварае свае вялікія творы — пераважна гэта палотны ню: «Жанчыны на беразе» (1925), «Купальшчыцы» (1931). Акрамя гэтага, ён малюе пейзажы: «гавань Дуіна каля Трыеста» (1927), «Паруснікі ў порце» (1928), «Скалы і мора» (1930), віды гарадоў (цыкл карцін «Фларэнцыя»). Адной з найбольш значных заказаў мастака ў гэты перыяд была мазаіка для палаца Фелікс на Вацлаўскай плошчы ў Празе.