Роза Дзмітрыеўна Шэліхава (нар. 11 чэрвеня 1924, Тбілісі — 3 снежня 2000) — беларускі архітэктар.
Скончыла Азербайджанскі індустрыяльна-будаўнічы інстытут у 1947 годзе. Працавала ў Гарпраекце ў Кіраваградзе. З 1953 года — архітэктар, старшы архітэктар, кіраўнік групы архітэктараў у Белдзяржпраекце, з 1970 па 1982 год — кіраўнік групы архітэктараў, галоўны архітэктар праектаў у БелНДІПгорадабудаўніцтва.
Член Саюза архітэктараў СССР з 1959 года. Член КПСС з 1950 года. Пражывала ў г. Мінск.
У Кіраваградзе выканала праекты планіроўкі гарадскога парку і шэрагу малых формаў, у т.л. бібліятэчна-шахматнага павільёна (1949).
Асноўныя працы ў Беларусі: генпланы Барысава (1966), Івацэвічаў (1969), праекты размяшчэння жылога і культурна-бытавога будаўніцтва ў Бабруйску (1971, 1981), Слуцку (1972); у аўтарскім калектыве: генпланы Бабруйска (1966), Горак (1973), Добруша (1974), Слуцка (1978), ПДП Паўночнага жылога раёна Бабруйска (1966).