Роберт Індыяна (англ.: Robert Indiana; імя пры нараджэнні Роберт Кларк (англ.: Robert Clark); 13 верасня 1928, Нью-Касл, ЗША — 19 мая 2018) — амерыканскі мастак, прадстаўнік руху поп-арт. Яго папулярны знак «Love» быў упершыню рэалізаваны як жывапіс у 1966 годзе, а пазней паўтораны ў розных медыя, у тым ліку скульптуру і паштовыя маркі, стаўшы поп-іконай 1960-х гадоў.
Роберт Індыяна нарадзіўся ў Нью-Касле, Індыяна, пазней пераехаў у Індыянапаліс, дзе скончыў Arsenal Technical High School. У 1954 годзе ён пераехаў у Нью-Ёрк, дзе далучыўся да поп-арт руху. Роберт Індыяна звярнуўся да вобразаў камерцыйнай графікі, змешваючы іх з экзістэнцыялізмам, што прывяло да таго, што сам мастак назваў «скульптурныя вершы».
У 1958 годзе ён змяніў сваё прозвішча (Кларк) на Індыяна. У 1961 годзе пачаў серыю карцін, выяўленчы шэраг якіх блізкі да графічнага дызайну і амерыканскай рэкламы. Часам закранаючы спажывецкія тэндэнцыі ці палітычныя эксцэсы ў амерыканскай культуры, выявы Індыяны спалучаюць тэкст, лічбы і каляровыя палі з выразнымі контурамі.
Першая персанальная выстава Роберта Індыяны ў Нью-Ёрку прайшла ў 1962 годзе ў галерэі Stable Gallery. З 1978 года Індыяна жыў і працаваў у Vinalhaven, Мэн.