wd wp Пошук:

Пінскае гета

Пінскае гета — (1 мая — 28 кастрычніка 1942) — месца прымусовага перасялення яўрэяў горада Пінска і наваколляў у рамках пераследу і знішчэння яўрэяў падчас акупацыі тэрыторыі Беларусі войскамі нацысцкай Германіі ў перыяд Другой сусветнай вайны.

Да стварэння гета

Пасля нападзення Германіі на СССР 22 чэрвеня 1941 года толькі нязначная колькасць яўрэяў паспела эвакуіравацца на ўсход. У Пінску таксама апынуліся ўцекачы з заходняй частцы Беларусі. 4 ліпеня 1941 года Пінск быў заняты нямецкай арміяй.

Па распараджэнні акупацыйных уладаў у другой палове ліпеня быў створаны юдэнрат — яўрэйскі савет, орган па выкананні ўказанняў акупантаў у дачыненні яўрэяў і яўрэйская паліцыя. Старшынёй юдэнрата немцы прызначылі дырэктара школы Давіда Альпера. Праз два дні ён адмовіўся ад пасады і быў расстраляны разам з яшчэ 20 членамі юдэнрата. Новым старшынёй быў прызначаны Біньямін Бакштанскі.

З 5 па 7 жніўня 1941 года немцы расстралялі ў Пінску да 10 тысяч яўрэяў. У асноўным былі расстраляныя мужчыны ад 16 да 60 гадоў.

Для яўрэяў былі ўведзены шматлікія абмежаванні, у тым ліку нашэнне на вопратцы спераду і ззаду спецыяльнага распазнавальнага знака.

Стварэнне і жыццё ў гета

Мемарыял на месцы масавых забойстваў яўрэяў пінскага гета падчас Халакоста

Усе яўрэйскае насельніцтва Пінска ў колькасці 18 644 чалавек з 1 мая 1942 года было заключана ў гета. Паводле часу стварэння гэта было апошняе гета на тэрыторыі Беларусі. У пінскае гета былі таксама дэпартаваны яўрэі з еўрапейскіх краін і прывезены яўрэі з навакольных мястэчак. Гета было агароджана калючым дротам і мела тры ахоўваемых выхады: на вуліцах Лістоўскага, Паўночнай і Альбрэхтаўскай. Жыллё ў гета размяркоўвалася зыходзячы з плошчы 1,2 квадратных метра на чалавека.

Яўрэі працавалі на створаных у гета прамысловых прадпрыемствах і ў майстэрнях, а таксама выкарыстоўваліся акупантамі на прымусовых працах. У гета была створана бальніца, аптэка, паліклініка. Дзейнічалі падпольныя групы, якія спрабавалі накапіць зброю і ствараць укрыцці і бункеры.

У чэрвені 1942 года немцы арыштавалі ў Пінску і Кобрыне 3500 яўрэяў і расстралялі іх на станцыі Бронная гара.

Знішчэнне гета

28 кастрычніка 1942 года пачалася акцыя па знішчэнню пінскага гета. Яе праводзіў нямецкі матарызаваны батальён паліцыі парадку. Падпольшчыкі гета аказалі супраціўленне паліцыі, большасць з іх было забіта, частка здолела збегчы да партызанаў.

У справаздачы камандзіра батальёна паліцыі парадку было ўказана, што ў гэтыя дні былі знішчаны 26 200 чалавек. Іцхак Арад лічыць, што ў гета было забіта 17 000 яўрэяў.

Зноскі

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·З’явіліся ў 1942 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Славутасці Пінска
Катэгорыя·Гісторыя Пінска
Катэгорыя·Гета ў Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі