У цяперашні момант піва ў Беларусі выпускаецца сям’ю піўзаводамі. Найбуйнейшы вытворца — дзяржаўная кампанія «Крыніца» (Мінск), якая ў 2008 годзе забяспечыла 38 % нацыянальнай вытворчасці піва[1]. Таксама трывалыя пазіцыі на беларускім рынку займаюць кампаніі «Аліварыя» (Мінск, уладальнік дацкая Carlsberg), «Лідскае піва» (Ліда, уладальнік фінская Olvi) і «Бабруйскі бровар» (Бабруйск і Рэчыца, сумеснае кіраванне нідэрландскай Heineken і міжнароднай Oasis).
Кампаніі «Дзвінскі бровар» (Віцебск) і «Полацкае піва» (Полацк) займаюць малую долю рынку, а кампанія «Брэсцкае піва» (Брэст) з 2014 года прызнана банкрутам, знаходзіцца ў стадыі санацыі і выстаўлена на аўкцыён.
Асаблівасці беларускага рынку піва — гэта параўнальна вялікая доля піва, якая рэалізуецца ў ПЭТ-ўпакоўцы, і значны аб’ём імпартнай прадукцыі (каля 20 % рынку; прысутнасць на рынку пастаянна нарошчваюць асноўныя гульцы — Heineken, Carlsberg, Olvi)[2]. Таксама — досыць нізкая крэпасць піва (ад 4 да 5 %, толькі некаторыя гатункі (напр. «Стары замак» Лідскага завода) маюць крэпасць каля 6 %).
У даўніну піваварня (як і вінакурня) па-беларуску называлася бровар, а півавар броварам[3]. У музеі пад адкрытым небам «Дудуткі», што недалёка ад Мінска, знаходзіцца адзіны бровар, для якога зроблена выключэнне ў дзяржаўнай манаполіі на выраб алкаголю[4].
У 2016 годзе больш за палову піва 23,8 млн дал было выраблена ў Мінску (Крыніца, Аліварыя), 10 млн дал у Гродзенскай вобласці (Лідскае піва), 6 млн дал у Магілёўскай вобласці (Бабруйскі бровар), 2,8 млн дал у Брэсцкай вобласці (Брэсцкае піва)[5].