Пётр Агеевіч Кошаль (нар. 20 красавіка 1946, Слуцк, Мінская вобласць) — расійскі празаік , гісторык, перакладчык, журналіст.
Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка, былога партызана. У 1952 г. сям’я з’ехала на Сахалін, дзе скончыў школу. Пасля жыў у Паўднёва-Сахалінску, Навасібірску, Малдове, Мінску. Працаваў у газеце, на заводзе, настаўнікам у вясковай школе на Магілёўшчыне. У 1978 г. скончыў Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1979 г[1].
У 1982―1995 гг. вядучы рэдактар выдавецтва «Савецкі пісьменнік», курыраваў перакладную паэзію Украіны, Беларусі, Малдовы, Паўночнага Каўказа.
Дэбютаваў у друку ў 1963 годзе. Вершы публікаваліся ў часопісах «Нёман», «Новы мір», «Юнацтва», «Знамя», «Дружба народаў», «Літаратурнай газеце», «Літаратуры і мастацтва» і інш. Шматлікія гістарычныя нарысы ў розных маскоўскіх выданнях.
Пераклаў на рускую мову збор твораў Цёткі, паэмы В. Дуніна-Марцінкевіча, анталогію беларускіх паэтаў 1920—1930 гг. «Час ветровея», анталогію беларускай дзіцячай літаратуры «Чароўная крынічка», анталогію беларускай байкі «Асёл на святкаванні дня нараджэння»; пераклаў шэраг вершаў Максіма Танка, Міколы Купрэева, Уладзіміра Някляева і інш[2].