У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мятла. Пятро Васільевіч Мятла (1890, в. Кухцінцы Дзісенскага павета Віленскай губерні, злілася з в. Завуцце — 12 жніўня 1936) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч Заходняй Беларусі. Член Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі з 1926.
У 1906—1910 вучыўся ў Дзісенскім гарадскім вучылішчы, у 1911—1912 на педагагічных курсах у Коўне. Працаваў настаўнікам. У 1914—1917 у арміі. Знаходзіўся сярод юнкераў Аляксееўскага ваеннага вучылішча, якія «выступілі супраць рэвалюцыі і паўстаўшага пралетарыяту». Быў арыштаваны і зняволены ў турму. З канца 1917 да 1921 настаўнічаў. З 1921 у Вільні.
У 1921—1922 працаваў бухгалтарам, загадчыкам аддзела Віленскага саюза кааперацыі. Удзельнічаў у стварэнні нацыянальна-вызваленчых суполак і арганізацый, беларускіх школ у Заходняй Беларусі. У 1922 г. быў выбраны дэпутатам польскага сейма ад беларускай нацыянальнай меншасці. Быў членам Беларускага пасольскага клуба.
Адзін са стваральнікаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), член яе ЦК. Пасля яе разгрому 16 студзеня 1927 арыштаваны і прыгавораны польскімі ўладамі да 12 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з 1930 апынуўся ў Мінску. Працаваў у Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры Прэзідыуме Беларускай акадэміі навук (яе старшыня 1932—1933), у ВСНГ БССР намеснікам начальніка планавання, начальнікам сектара кадраў.
1 верасня 1933 арыштаваны ДПУ БССР па справе Беларускага нацыянальнага цэнтра. Пастановай калегіі АДПУ СССР ад 9 студзеня 1934 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, якая заменена 10 гадамі ППЛ. Зняволенне адбываў на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. Памёр у лагеры. Рэабілітаваны 16 жніўня 1956 КДБ пры Савеце Міністраў БССР.