Псу́еўскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці Беларусі. Цэнтр — аграгарадок Псуя.
Утвораны 16 ліпеня 1954 года ў складзе Пліскага раёна Вілейскай вобласці БССР шляхам аб’яднання скасаваных Востраўскага і Вуглоўскага сельсаветаў[1]. 24 красавіка 1959 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Прошкаўскага сельсавета, таксама ў склад сельсавета з Зябкаўскага сельсавета перададзены 11 населеных пунктаў (Асінаўка, Гарані, Гразі, Дзіўнікі, Завулак Літоўскі, Завулак Рускі, Скрабатуны, Сшо, Церасполле, Хралы і Янова)[2]. З 20 студзеня 1960 года ў складзе Віцебскай вобласці. 3 ліпеня 1970 года ў склад сельсавета з Зябкаўскага сельсавета перададзены 14 населеных пунктаў (вёскі Бабуліна, Васькавічы, Запалле, Ляпейкі, Чашкі і хутары Баяры, Бондары, Гаравыя, Гваздова, Каменкі, Карчомнае, Лаза, Паўлаўшчына, Целяшы), наўзамен у склад Зябкаўскага сельсавета перададзены 20 населеных пунктаў (вёскі Баравое, Барыскавічы, Гарохаўе, Дворыца, Крывічы, Прошкава, Прудаўё, Юркава і хутары Азёркі, Вусце, Выгары, Дварэц, Купелі, Малы Бор, Падавуты, Старына, Старыца, Хвашчова, Цагельня і Шабаны)[3].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 1027 чалавек[4], з іх 94,4 % — беларусы, 3,6 % — рускія, 1,5 % — палякі[5].