wd wp Пошук:

Пасольства Лівіі ў Беларусі

Пасольства Дзяржавы Лівія ў Рэспубліцы Беларусь (араб. سفارة دولة ليبيا في جمهورية بيلاروس‎‎) — дыпламатычная місія Лівіі ў Беларусі, размешчаная ў Мінску.

Гісторыя

Лівійскае пасольства было адкрыта 1 красавіка 2001 года[1]. Першым часовым павераным у справах з рэспублікай быў прызначаны Усам аль-Джаміль[2]. У той час краіна афіцыйна называлася Вялікая Сацыялістычная Народная Лівійская Арабская Джамахірыя, а яе лідарам нязменна з 1969 года з’яўляўся Муамар Кадафі.

У 2011 годзе супраць дзеючых лівійскіх уладаў успыхнулі масавыя пратэсты і беспарадкі, якія пазней перараслі ў грамадзянскую вайну. 22 жніўня пасольства ў Мінску афіцыйна перайшло на бок праціўнікаў Кадафі, змяніўшы сцяг з ўрадавага на паўстанцкі. Дыпламаты апавясцілі аб гэтым беларускі бок па тэлефоне, прадставіўшыся як «Народнае бюро Лівіі». Беларусь, якая падтрымлівала дзеючыя ўлады і не прызнавала паўстанцкі ўрад, як паведаміў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных, захавала дыпмісію ў інтарэсах тых беларускіх грамадзян, што ўсё яшчэ знаходзіліся ў ваюючай краіне. Па словах дыпламата, пасольства ажыццяўляла маніторынг падзей у Лівіі і падтрымлівала цесныя кантакты з іншымі дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі[3].

У 2014 годзе пачынаецца новы этап грамадзянскай вайны. Асноўнымі ўдзельнікамі канфлікту сталі два ўрада — у Трыпалі і Табруку. Першы ўзначальваў Фаіз Сарадж. Ён быў афіцыйна прызнаны кіраўніком дзяржавы ў ААН і карыстаўся падтрымкай Турцыі і некаторых заходніх краін. Другім кіраваў Агіла Салах Іса, які меў дружалюбныя адносіны з фельдмаршалам Халіфа Хафтарам. Іх альянс падтрымлівалі Францыя, Расія, ААЭ і Егіпет.

У Беларусі прысутнічалі прадстаўнікі ад абодвух бакоў, але будынак пасольства і непасрэдную дзейнасць з беларускім урадам мелі толькі прыхільнікі табрукскіх уладаў. У чэрвені 2020 года былы ваенны аташэ Рамадан Фарджані, у якога скончыліся паўнамоцтвы, вырашыў прысягнуць Фаізу Сараджу. Той скраў з рахунку пасольства некалькі мільёнаў долараў і наняў грамадзян Беларусі для ажыццяўлення захопу дыпмісіі[4].

Першы інцыдэнт адбыўся ў ліпені таго ж года, калі на тэрыторыі дыпмісіі быў збіты часовы павераны Мухамад Істэйта. Пасля гэтага пасольства наняло для сваёй абароны расійскую ПВК «РСБ-Груп»[5]. Раніцай 27 жніўня каля 27 нанятых беларусаў і тры прадстаўніка ад урада Сараджа, у тым ліку часовы павераны Эмхімед Маграві, пералезлі праз плот і пачалі шкодзіць маёмасці лівійскай місіі. Неўзабаве тут пачалася масавая бойка, а работнікі суседняга пасольства Малдавіі выклікалі міліцыю. З’яўленне праваахоўнікаў прыпыніла штурм, і бліжэй да поўдня прыхільнікі Сараджа пакінулі будынак. Тым не менш, яны не пакінулі спроб захапіць дыпмісію. У снежні канфлікт зноў абвастрыўся, калі супрацоўнікі «РСБ-Груп» перайшлі на бок уладаў у Трыпалі, прычынай чаго стаў разрыў кантракту аб ахове пасольства з боку табрускіх дыпламатаў. У ноч з 19-га на 20-га снежні была ажыццёўлена новая спроба штурму, але прыбыццё міліцыі зноў прадухіліла захоп будынка[6][7].

Размяшчэнне

Будынак пасольства знаходзіцца ў Ленінскім раёне па адрасе вуліца Беларуская, дом 4. З паўночнага боку да яго прымыкае малдаўская дыпмісія, а з усходняга, праз дарогу, размешчаны Ляхаўскі сквер, дзе знаходзіцца «Сцяна Цоя». Побач ёсць стадыён «Дынама» і аднайменны прыпынак грамадскага транспарту. Найбліжэйшымі станцыямі метро з’яўляюцца «плошча Леніна» і «Першамайская»[8].

Гл. таксама

Зноскі

  1. Эмалян А. С. Общее и особенное во внешней политике Ливии и Беларуси. — БГУ, 2007.
  2. Дипломатический справочник(руск.)  (недаступная спасылка). Министерство иностранных дел РБ (9 ліпеня 2020). Архівавана з першакрыніцы 16 ліпеня 2020. Праверана 1 мая 2021.
  3. Посольство Ливии официально уведомило МИД Беларуси о смене флага Архівавана 3 мая 2021. // Интерфакс, 30 августа 2011
  4. На посольство Ливии в Минске напали неизвестные // РБК, 27 августа 2020
  5. Неизвестные пытались взять штурмом посольство Ливии в Беларуси Архівавана 5 мая 2021. // TUT.BY, 27 августа 2020
  6. Штурм ливийского посольства в Белоруссии устроили сотрудники российского ЧВОК по заказу Триполи
  7. ЧВК “РСБ-Групп” уличили в работе на ливийское ПНС
  8. Улица Белорусская в Минске на карте - MAPS.TUT.BY Архівавана 1 мая 2021.
Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Мінску
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·З’явіліся ў 2001 годзе
Катэгорыя·Дыпламатычныя прадстаўніцтвы Лівіі