wd wp Пошук:

Партыя двухвостага сабакі

Партыя двухвостага сабакі (венг. Magyar Kétfarkú Kutya Párt; скарочана MKKP) — парадыйная палітычная партыя ў Венгрыі, якая існуе з 2006 года і была зарэгістраваная афіцыйна ў 2014 годзе. Чальцы партыі займаюцца пераважна стварэннем пародый на тыповыя лозунгі палітычнай эліты Венгрыі, прасоўваюць абсурдныя ідэі на выбарах ці робяць смешныя афіцыйныя заявы.

Дзейнасць

Стварэнне і першыя выбары

Кандыдат 2010 года Даніэль Магач

У 2006 годзе ўпершыню ў выбарчых бюлетэнях з’явіўся кандыдат Іштван Надзь (венг. István Nagy — самыя распаўсюджаныя імя і прозвішча ў Венгрыі, эквівалент традыцыйнага ангельскага John Smith). Падобны кандыдат з Партыі двухвостага сабакі быў ува ўсіх бюлетэнях на парламенцкіх і на рэгіянальных выбарах 2006 года[1].

Перадвыбарчая праграма партыі ўключала наступныя пункты: вечнае жыццё, мір ва ўсім свеце, адзін працоўны дзень у тыдзень, два захада сонца ў дзень (розных колераў), паменшаная сіла гравітацыі, бясплатнае піва і нізкія падаткі. У лік абяцанняў увайшла таксама прапанова насыпаць гару на вялікай венгерскай раўніне (Альфёльд). Падобныя плакаты былі ў асноўным у горадзе Сегедзе, на іх пераважна сустракалася выява двухвостага сабакі з подпісам «Іштван Надзь — такі мілы, што дакладна не накрадзе!».

Партыя супрацоўнічае з яшчэ адной парадыйнай партыяй «Чацвёрты шлях», старшынямі якой фармальна з’яўляюцца дзве птушкі, аднак партыі заяўляюць пра рознагалоссі: партыя «Чацвёрты шлях» хоча знішчыць птушыны грып, а Партыя двухвостага сабакі выступае за правы вірусаў.

20 чэрвеня 2009 года каля 300 чалавек сабраліся на акцыю пратэсту перад цэнтральным офісам статыстыкі Венгрыі з парадыйнымі лозунгамі «Заўтра павінна быць учора!», «Выглядай дурна!», «Звольніся!», «Чаго мы хочам? Нічога! Калі мы хочам гэта? Ніколі!» і г. д[2].

У 2010 годзе партыя працягнула сваю сатыру, абвясціўшы аб барацьбе за пасаду мэра Будапешта пад лозунгам «Хай усё будзе лепш!», а таксама «Больш за ўсё, менш за нічога», «Вечнае жыццё, бясплатнае піва, адмена падаткаў!» і «Мы абяцаем усё што заўгодна!»[3]. У 7-м акрузе Будапешта кандыдатам вылучылі коміка Даніэля Магача, які даў інтэрв’ю на тэлеканале ATV тэлевядучай Вользе Кальман. Магач займаўся таксама расклейваннем постэраў з лозунгамі«Нашы цягнікі заўсёды брудныя» і «Нашы цягнікі заўсёды спазняюцца», якія крытыкавалі дзяржаўную кампанію чыгунак Венгрыі, і стварыў нават пародыю на сайт горада Печ, які стаў культурнай сталіцай Еўропы — за апошняе дзеянне ён ледзь не трапіў пад суд[4].

Партыя не сабрала неабходную колькасць подпісаў для рэгістрацыі свайго кандыдата. У сваёй перадвыбарнай праграме яна абяцала ў гэты раз ператварыць Сегед у касмадром і пачаць пастаўляць сабак пулі на Ямайку, аднавіць азонавы слой, вывесці новыя віды раслін і жывёл на замену вымерлым, усталяваць гандлёвыя адносіны з пазаземнымі цывілізацыямі і адкрыць венгерскі рэстаран на Марсе[5].

Афіцыйная дзейнасць

У 2013 годзе партыі прыйшлося паскорыць працэс рэгістрацыі для ўдзелу ў выбарах: у пачатку 2014 года партыі адмовілі ў рэгістрацыі з-за «легкадумнасці», але ў ліпені таго ж года Вярхоўны суд адмяніў гэтае рашэнне. 8 верасня 2014 года Партыя двухвостага сабакі была афіцыйна зарэгістраваная за 16 хвілін да абвяшчэння ўдзельнікаў парламенцкіх выбараў, з-за чаго і не змагла нікога на іх адправіць і прыняць удзел[6][7][8].

Білборд 2015 года «Сардэчна запрашаем у Венгрыю (закрыта па нядзелях)», які высмейвае стаўленне ўрада да мігрантаў з Блізкага Усходу

У чэрвені 2015 года ўрад Віктара Орбана пачаў кампанію па барацьбе супраць нелегальнай міграцыі: сярод лозунгаў былі такія, як «Калі ты прыйшоў у Венгрыю, ты не можаш забраць працу ў венграў!». У адказ на гэта Партыя двухвостага сабакі абвясціла акцыю ў адказ ураду і сабрала 33 мільёна форынтаў ад сваіх прыхільнікаў. На гэтыя грошы партыя ўсталявала каля 800 бігбордаў з іранічнымі лозунгамі на англійскай і венгерскай: «Прабачце нас за прэм’ер-міністра» і «Прыязджайце свабодна ў Венгрыю, мы ўжо працуем у Англіі!»[9][10][11].

4 лютага 2016 года апытанне Medián паказала, што 1 % жыхароў Венгрыі падтрымалі б партыю на выбарах. У тым жа годзе ў кастрычніку адбыўся рэферэндум па міграцыйных квотах, які суправаджаецца агрэсіўнай антымігранцкай кампаніяй венгерскага ўрада. З-за нізкай яўкі вынікі рэферэндуму не былі прызнаны, хоць пераважная большасць з тых, хто галасаваў па закліку кіруючай правай партыі, выступілі супраць прыёму Венгрыяй бежанцаў. Партыя двухвостага сабакі сабрала 100 тысяч еўра ад 4 тысяч добраахвотнікаў і расклеіла постэры, якія высмейвалі накіраваную супраць мігрантаў урадавую агітацыю: «Ці ведаеце вы, што ў Сірыі ідзе вайна?», «Ці ведаеце вы, што 1 мільён венграў хоча ў Еўропу?», «Ці ведаеце вы, што НЛА венгры сустракалі часцей, чым бежанцаў?» і г. д.[12][13]

Лідар Партыі Георгій Кавач у інтэрв’ю BBC News сказаў, што звяртаецца да мільёнаў венграў, засмучаных дзеяннямі ўрада Венгрыі, і хоча падтрымаць іх. Тым самым партыя заклікала сапсаваць бюлетэні на рэферэндуме, што зрабілі 6 % людзей, якія ўдзельнічалі ў рэферэндуме. Незадоўга да рэферэндуму партыя стварыла мабільны дадатак, даступны для спампоўкі з сайта з заклікам «Галасуй не па правілах», заклікаючы зрабіць фота сапсаванага бюлетэня і выкласці ў сетку. За гэта партыя атрымала штраф у 832 тысячы форынтаў, паколькі публікаваць фота бюлетэня са зробленым выбарам забаранялася нават на ўмовах ананімнасці[14][15][16].

У красавіку 2017 года партыя правяла ўрачыстае шэсце, высмейваючы чарговую ініцыятыву Віктара Орбана (у тым ліку па закрыцці Цэнтральнаеўрапейскага ўніверсітэта) і вынеслі плакаты на рускай і венгерскай мове з такімі лозунгамі, як «Мы не будзем калоніяй», «Нам не патрэбныя выбары», «Прэч свабоду прэсы» і г. д.

Зноскі

  1. Örök életet ígér a Kétfarkú Kutya Párt. Origo.hu (6 лютага 2006)
  2. A semmit követelte röhögve a tüntető tömeg index.hu 2009. június 20.
  3. Letölthető, nyomtatható anyagok - Kétfarkú Kutya Párt
  4. Lenyomta a Magyar Kétfarkú Kutya Párt a Pécs2010-et 29 мая 2017. Архіў
  5. A Magyar Kétfarkú Kutya Párt választási programja. 2010. mkkp.hu Архіў
  6. Margit Feher. Hungary’s 2-Tailed Dog Party Seeks Ballot Space.
  7. Kúria: be kell jegyezni a Magyar Kétfarkú Kutya Pártot Архівавана 25 чэрвеня 2014.
  8. Rossz viccnek tűnik, ahogy bejegyezték a Kétfarkú Kutya Pártot. Origo.hu
  9. Német, Tamás. Megvan a kormány menekültellenes kampányának két újabb szlogenje. Index (4 июня 2015).
  10. Újabb plakátokat készít a Kétfarkú Kutyapárt és a Vastagbőr. 444.hu
  11. ‘Come to Hungary - we’re already working in London’ says pro-immigration billboard campaign. Telegraph.co.uk
  12. Sajátosan reagálta le a Kétfarkú Kutyapárt, hogy a Medián már méri őket. Heti Világgazdaság
  13. Hungary’s satire party takes on migrant referendum
  14. Hungary poster campaign pokes fun at migrant referendum. BBC News
  15. Hungary’s Referendum On Refugee Resettlement Is Overwhelming — But Invalid. npr.org
  16. Jobbikos javaslatra 832 ezer forintra büntette az NVB a Kétfarkú Kutyákat. index.hu
Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Палітычныя партыі Венгрыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Палітычныя партыі, заснаваныя ў 2006 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0
Катэгорыя·Палітычныя партыі паводле алфавіта