«Партрэт Альжбеты і Алены Радзівіл» — карціна са збораў Нясвіжскага замка, напісаная ў пачатку 1880-х гг. Гансам Макартам (1840—1884). Месцазнаходжанне невядома. Памер карціны — 150 × 105 см[1].
На партрэце адлюстраваны сёстры Альжбета Мацільда (1861—1950) і Алена Аўгуста (1874—1958) з Радзівілаў. У калекцыі Музея-замка ў Ланцуце захоўваецца фотаздымак з партрэта, зроблены фатографам Маракам Косіорам (польск.: Marek Kosior). Да 1939 г. у калекцыі князёў Радзівілаў у Нясвіжы (№ 214, запіс пра партрэт у інвентары 1857 г. датаваны 1883 г.; № 190 у інвентары 1928 г.; № 103 у вопісе 1939 г.). Пасля 1939 г. трапіў у Мінск. У 1944 г., верагодна, вывезены ў Германію. Паводле Альдоны Крушынськай[d], аўтарства партрэта гіпатэтычна належыць мастаку Гансу Макарту. Даследчыца Аксана Лабко мяркуе, што гэта бясспрэчны твор Макарта[1].