Палыкавіцкая крыніца — крыніца, якая знаходзіцца ў Магілёўскай вобласці на паўднёвым захадзе вёскі Палыкавічы[2]. Помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Побач з крыніцай знаходзіцца капліца Святой Параскевы і купальня[3].
Крыніца вядома з 1552 года[4].
Згадана расійскім акадэмікам В. М. Севяргіным(руск.) бел. у 1802 годзе: «…знаходзіцца мінеральная крыніца з вялікім утрыманнем у яе вадзе вуглекіслаты. Таксама там знаходзіццa капліца»[2][5].
Каля крыніцы быў пабудаваны каменны грот з калодзежам, абітым ацынакаванымі лістамі. 3 крыніцы па трубах вада падавалася ў вялікі басейн (змяшчаў аж 100 вёдзер). Лекавая моц крыніцы была настолькі шырока вядомай, што да яе прыязджалі нават здалёк[2].
У 1859 годзе ўпершыню быў зроблены хімічны аналіз палыкавіцкай вады, які пацвердзіў яе лекавыя ўласцівасці[2].
У 1983 годзе крыніца была аб’яўлена помнікам прыроды[2][6].
Крыніца знаходзіцца на дне глыбокага яру, парослага лесам. Яна з’яўляецца вытокам невялікага ручая, які ўпадае ў Дняпро ў 150 м ад крыніцы. Расход вады складае больш за 100 м³ у суткі[2][7].
Вада гідракарбанатная, кальцыевая, канцэнтрацыя фтору адносна высокая — 0,49 мг/л. PН вады — каля 7,5[2].