wd wp Пошук:

Палціэль Кацэнельсон

Палціэль Кацэнельсон (27 лютага 1896[1], Полацк, Расійская імперыя — пасля лістапада 1940) — рускі эмігранцкі пісьменнік, паэт і публіцыст.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і полацкага купца Моўшы Лейзеравіча і Ханы Янкелевай. Сям’я жыла на вуліцы Аляксандраўскай у Полацку.[1]

У 1909—1912 гадах вучыўся ў Пскоўскім Сергіеўскім рэальным вучылішчы, якое скончыў толькі з дзвюма чацвёркамі — па фізіцы і рысаванні. Спрабаваў паступіць ва ўніверсітэт, але сканчэнне рэальнага вучылішча не давала яму такога права. Палціэль усё адно пераехаў у Санкт-Пецярбург, год правучыўся ў Псіханеўралагічным інстытуце, але пакінуў вучобу. У чэрвені 1913 года здаў кваліфікацыйны іспыт па латыні ў Бабруйскай гімназіі. Аднак, у 1913 годзе выйшла ўрадавая пастанова пра адмену ільгот для яўрэяў, якія скончылі школу з медалём або высокімі баламі.[1]

Палціэль вымушана вярнуўся да першапачатковай, інжынернай спецыяльнасці, у 1913—1914 гадах вучыўся ў Электратэхнічным інстытуце ў Тулузе. З пачаткам 1-й сусветнай вайны вярнуўся ў Полацк. Летам 1915 года аднавіўся ў Псіханеўралагічным інстытуце, то бок не пакідаў спробаў атрымаць універсітэцкую адукацыю. У чэрвені 1916 года падаў прашэнне ў Маскоўскі ўніверсітэт, але месца не атрымаў. Зварот у Маскоўскі камерцыйны інстытут таксама вынікаў не даў. Аднак, Кацэнельсон усё адно на пачатку 1917 года пераехаў у Маскву, але працягваў пільна плаціць за вучобу ў Псіханеўралагічным інстытуце.[1]

У Маскве, 4 кастрычніка 1917 года, маскоўскі казённы рабін Якаў Мазэ, зарэгістраваў шлюб Палціэля Моўшавіча Кацэнельсона з дачкой ніжагародскага купца Фаінай Меераўнай-Хаймаўнай Рабіновіч. Апісаны прыкметы жаніха: «рост 2 аршыны 5 вяршкоў [164,5 см], валасы цёмна-русыя, вочы карыя, твар чысты, нос, рот і падбародак звычайныя». Жыла сям’я, станам на красавік 1918 года, у цэнтры Масквы, па адрасе Тургенеўская плошча, д. 8, кв. 4.[1]

Падчас Грамадзянскай вайны ў Расіі перабраўся ў Польшчу. Прынамсі з чэрвеня 1919 і да кастрычніка 1922 года Палціэль жыве ў Вільні па вуліцы Шапена, д. 4, кв. 7[1]. У канцы 1920-х гадоў жыў у Варшаве. Потым зноў пераехаў у Вільню. Пасля заняцця Вільні Чырвонай Арміяй у 1939 годзе падчас паходу ў Заходняй Беларусі, супрацоўнічаў з савецкай адміністрацыяй. Апошняе згадка пра Кацэнельсона — публікацыя ў газеце «Новая жизнь» у канцы лістападзе 1940 года. Далейшы лёс невядомы.

Творчасць

Дэбютаваў у друку ў 16-гадовым узросце падчас вучобы ў Пскове. З 1912 года публікаваў вершы, апавяданні і літаратурныя артыкулы ў расійскіх газетах.

У 1929 годзе атрымаў узнагароду ў конкурсе, арганізаваным Рускім саюзам пісьменнікаў і журналістаў у Польшчы. У 1930 годзе заняў трэцяе месца за зборнік вершаў. У гэты ж час публікаваў літаратурныя артыкулы ў газеце «За свободу!» і літаратурным часопісе «Утёсъ».

У Вільні ўступіў у літаратурную групу Віленская садружнасць паэтаў. Публікаваў свае артыкулы ў віленскіх рускіх газетах «Время», «Наше время» і «Наша жизнь». У 1935 годзе ўвайшоў у склад рэдакцыйнай калегіі Віленскай садружнасці паэтаў, якая займалася выданнем паэтычных зборнікаў сяброў групы.

У 1930 годзе вершы апублікаваны ў Львоўскім «Сборнике русских поэтов в Польше». У 1937 годзе вершы ў варшаўскім зборніку «Антология русской поэзии в Польше». У канцы лістапада 1940 года віленскай газеце «Новая жизнь» апублікаваны апошнія яго вершы «Красным бойцам», «Стихи о Толстом» і «Трудовой марш».

Сям’я

Бацька — Мойша Лазаравіч Кацэнельсон (1864, Пінск — 12.4.1929, Вільня), двойчы браў у польскіх уладаў пашпарт (1924, 1928) на выезд у Германію для вядзення бізнесу, але так і не выехаў. Маці — Хана Янкелева (нар. 1863, Полацк), і сястра — Сафія (нар. 1892), таксама бралі пашпарты на выезд у Германію для лячэння. У 1920-я гады сям’я жыла таксама ў Вільні, па вуліцы Шапена, д. 10, кв. 5.[1]

Жонка Фаіна, паводле базы Яд ва-Шэм, загінула ў віленскім гета.[1]

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 Баринов, 2022

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Рускія эмігранты першай хвалі ў Польшчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Пісьменнікі без мовы твораў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Полацку
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1896 годзе
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Рускамоўныя паэты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся 10 сакавіка