Падмесяцовая сфера — адна з канцэпцый старажытнагрэчаскай астраноміі, апісаная ў працах Арыстоцеля[1]. Абазначае вобласць геацэнтрычнай сістэмы свету, размешчаную ніжэй Месяца, якая складаецца з чатырох стыхій: зямлі, вады, паветра і агню[2] і схільную да пастаянных змяненняў, у адрозненне ад нязменнай сферы эфіру, якая цягнецца ад Месяца да межаў сусвету, і ў якой змешчаны планеты і зоркі[3].
Канцэпцыю падмесяцовай сферы першапачаткова сфармулявалі Платон і Арыстоцель[4], іх ідэі ляжалі ў парадыгме геацэнтрычнай сістэмы свету. У Сярэднявеччы арыстоцелеўскія ідэі развіваў Авіцэна[5]. Сярэдневяковы схаласт Фама Аквінскі, адзначаў розніцу паміж нябеснай і падмесяцовай сферамі ў сваёй працы Сума тэалогіі, а таксама згадваў, што Цыцэрон і Лукан усведамлялі граніцы паміж Прыродай і Небам, падмесяцовай і эфірнай сферамі[6]. Вынікам гэтага стала сярэдневяковае ўяўленне аб тым, што К. С. Льюіс назваў «„вялікім падзелам“ … паміж эфірам і паветрам, „небам“ і „прыродай“, царствам багоў (ці анёлаў) і царствам дэманаў, царствам неабходнасці і спалучанасці, нятленным да тленным».
Распрацоўка Капернікам геліяцэнтрычнай сістэмы свету нанесла сур’ёзны ўдар па канцэпцыі падмесяцовай сферы. Назіранні Ціха Брагэ звышновай зоркі і камет у нібыта нязменнай сферы эфіру канчаткова падарвалі арыстоцелеўскія ўяўленні[7]. Томас Кун прыводзіць крушэнне канцэпцыі падмесяцовай сферы ў якасці навочнага прыкладу з’яўлення новых магчымасцей, якія ўзнікаюць пры змене навуковай парадыгмы[8].
Дантэ ў «Боскай камедыі» змяшчае гару Чысцілішча вышэй за падмесяцовую сферу, таму яе схілы не падвержаныя прыродным змяненням[9].