Павел Сямёнавіч Палто (26 снежня 1924, в. Моталь, Драгічынскі павет, Палескае ваяводства — 29 снежня 2005) — беларускі механізатар па вытворчасці цукровых буракоў, Герой Сацыялістычнай Працы (1965).
У 1950—1952 гадах праходзіў службу ў Савецкай арміі.
Скончыў Драгічынскае СПТВ № 29, атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыніста шырокага профілю. Працаваў трактарыстам на лесанарыхтоўках у Свярдлоўскай вобласці (1953—1954). Вярнуўшыся ў родны край, чатыры гады працаваў на Дружылавіцкай машынна-трактарнай станцыі. З 1958 года па 1962 год працаваў трактарыстам у мотальскім калгасе “40 гадоў Кастрычніка.
У 1963 годзе ўзначаліў механізаванае звяно брыгады № 2 па вырошчванні цукровых буракоў, працаваў памочнікам брыгадзіра па тэхніцы. За дасягнутыя поспехі па вытворчасці і нарыхтоўцы цукровых буракоў Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 31 снежня 1965 года прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
Неаднаразова выбіраўся дэпутатам раённага і сельскага Саветаў дэпутатаў, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 8-га склікання (1971—1975).
У 1977 годзе Паўлу Сямёнавічу прысвоена званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР». Узнагароджаны ордэнам Леніна (1965), ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі (1976), медалём «Серп і молат» (1965), Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1979, 1989) і інш.