wd wp Пошук:

Павел Пятровіч Корзун

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Корзун. Па́вел Пятро́віч Ко́рзун (15 жніўня 1892 — 16 верасня 1943) — савецкі военачальнік, у гады Вялікай Айчыннай вайны камандаваў 219-й мотастралковай дывізіяй, 8-м кавалерыйскім корпусам, 3-й і 47-й арміямі, генерал-лейтэнант.

Біяграфія

Павел Пятровіч Корзун нарадзіўся 15 жніўня 1892 года ў вёсцы Клешаве, цяпер Мінскай вобласці. Беларус.

У Рускай імператарскай арміі з 1913 года, малодшы унтэр-афіцэр.

У Чырвонай Арміі з 1918 года. У час Грамадзянскай вайны камандаваў кавалерыйскім эскадронам, затым палком і ўдзельнічаў у баях у Фергане, Бухары, супраць басмачэй ў Таджыкістане. Па заканчэнні баявых дзеянняў працягваў камандаваць кавалерыйскім палком. У 1920 годзе скончыў Аб’яднаную кавалерыйскую школу, у 1924 годзе — Ваенную кавалерыйскую школу. З 1932 па 1934 год памочнік інспектара кавалерыі РСЧА. У 1936 годзе скончыў Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзе. З 1937 года памочнік камандзіра, затым камандзір кавалерыйскай дывізіі. З 1939 года старшы выкладчык агульнай тактыкі Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзе.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны прызначаны камандзірам 219-й мотастралковай дывізіі. У складзе 25-га механізаванага корпуса дывізія брала ўдзел у баявых дзеяннях у раёне г. Прапойск. За мужнасць і гераічнасць, выяўленую ў баях узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Ва ўзнагародным лісце азначана[1]:

У баях з 18 па 21 ліпеня 1941 года выявіў вылучную адвагу, вытрымку і вялікую напорыстасць. Нягледзячы на найжорсткі ружэйна-кулямётны, артылерыйскі і мінамётны агонь праціўніка які займаў Прапойск, тав. Корзун асабіста ўзначальваў батальён, які заняў паўднёвую ўскраіну горада…

Загадам Камандуючага Цэнтральным фронтам генерал-лейтэнанта Яфрэмава М. Р. ад 19 жніўня 1941 года генерал-маёр Корзун быў адхілены ад камандавання 219 МСД «за невыкананне Вамі 18.08.1941 загаду Ваеннага Савета фронту. Неадкладна здайце камандаванне дывізіяй генерал-маёру Скугараву і самому прыбыць у штаб фронту».

З баявога данясення Камандуючага 21 арміяй генерал-маёра Гардова, 06.40 20.08.1941 г : «…Асабіста тав. КОРЗУН паводзіў сябе выключна мужна. Будучы раніцай параненым, заставаўся ў страі і кіраваў боем да цемры. З надыходам цемры быў другі раз паранены і цяпер эвакуіраваны. Прызначаны на яго месца ЛУНЁЎ атрымаў цяжкую кантузію. На гаспадарку КОРЗУНА прызначаны КАНАВАЛАЎ».

З кастрычніка 1941 года намеснік па тыле камандуючага 38-й арміяй. У студзені 1942 года прызначаны камандзірам 8-га кавалерыйскага корпуса. У гэтай пасадзе кіраваў войскамі ў Бітве пад Масквой і ў абарончых баях пад Варонежам вясной 1942 года. З мая па ліпень 1943 года камандуючы 3-й арміяй, якая абаранялася па р. Зуша на ўсход ад Арла.

У пачатку жніўня П. П. Корзун прызначаны камандуючым 47-й арміяй. У ходзе Белгарадска-Харкаўскай наступальнай аперацыі армія пад яго камандаваннем адыграла важную ролю ў адлюстраванні нямецкіх контрудараў ў раёне Ахтыркі.

16 верасня 1943 года ў ходзе баёў за вызваленне Левабярэжнай Украіны генерал-лейтэнант Корзун загінуў пры выбуху міны ў вёсцы Бярозавая Лука Палтаўскай вобласці. Пахаваны ў гарадскім парку горада Гадзяч.

Былы начальнік палітаддзела 47-ай арміі Калашнік М. X. успамінаў [2]:

Павел Пятровіч Корзун быў адным з тых военачальнікаў, у характары якіх выдатна ўжываюцца высокая патрабавальнасць і душэўная любоў да людзей. Ажыццяўляючы кіраўніцтва баявымі дзеяннямі войскаў, камандуючы клапаціўся перадусім пра тое, каб кожная перамога была здабыта па магчымасці малой крывёй.

Узнагароды

Зноскі

  1. Узнагародны ліст у электронным банку дакументаў «Подзвіг Народа»
  2. Калашник М. X. Испытание огнём. — М.: Мысль, 1985.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (22):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Генерал-лейтэнанты СССР
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Клешаве
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Камандзіры карпусоў у Вялікай Айчыннай вайне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Выпускнікі Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзэ
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся 15 жніўня
Катэгорыя·Памерлі ў Палтаўскай вобласці
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1892 годзе
Катэгорыя·Пахаваныя ў Палтаўскай вобласці
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём «XX гадоў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі»
Катэгорыя·Памерлі 16 верасня
Катэгорыя·Загінулі ў баях Вялікай Айчыннай вайны
Катэгорыя·Камандзіры дывізій у Вялікай Айчыннай вайне
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Чырвонага Сцяга
Катэгорыя·Удзельнікі Грамадзянскай вайны ў Расіі
Катэгорыя·Камандуючыя арміямі ў Вялікай Айчыннай вайне
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў 1943 годзе