wd wp Пошук:

Оскар фон Гуцьер

О́скар фон Гуцье́р (ням.: Oskar von Hutier; 27 жніўня 1857, Эрфурт5 верасня 1934, Берлін) — нямецкі ваенны дзеяч, генерал пяхоты. Оскар фон Гуцьер быў адным з самых паспяховых нямецкіх генералаў Першай сусветнай вайны з-за сваіх інавацый у тактыцы прарыву пазіцыйнага фронту. Вайну Гуцьер пачаў камандзірам дывізіі на Заходнім фронце. У 1915 годзе ён быў пераведзены на Усходні фронт, дзе прызначаны камандзірам XXI армейскага корпуса Х арміі Айхгорна.

У пачатку 1917 года Гуцьер быў прызначаны камандуючым 8-й арміі. Аналізуючы ўласны вопыт, вывучаючы тактыку, выкарыстаную іншымі падраздзяленнямі па прарыву пазіцыйнага фронту, Гуцьер распрацаваў новую стратэгію, якая змагла вывесці германскую армію з тупіка пазіцыйнай вайны. Гэтая тактыка аказалася настолькі паспяховай, што германская армія выкарыстоўвала яе ў 1917 і 1918 гадах, а французы далі ёй назву «тактыка Гуцьера», хоць цяпер часцей выкарыстоўваецца тэрмін інфільтрацыя.

Біяграфія

Оскар нарадзіўся 27 жніўня 1857 года ў Эрфурце (Саксонія). У 1875 годзе ўступіў у нямецкую армію ў званні лейтэнанта. У 18851888 гадах праходзіў навучанне ў Ваеннай акадэміі. У 1889 годзе атрымаў прызначэнне ў Генеральны штаб, а з 1890 года стаў камандзірам батальёна 95-га пяхотнага палка. У 1902 годзе зноў пераводзіцца на працу ў Генеральны штаб і прызначаецца начальнікам аддзела Вялікага Генштаба.

У гэтым жа годзе прызначаны начальнікам штаба 3-га армейскага корпуса, з 1907 года камандзір лейб-гвардыі 1-га Гесенскага палка. У сакавіку 1910 года прызначаны камандзірам 74-й пяхотнай брыгады. З 1911 года генерал-кватэрмайстар Вялікага Генштаба, таксама адначасова з гэтым чытаў лекцыі ў Ваеннай акадэміі. 16 верасня 1912 года Оскар фон Гуцьер прызначаецца камандзірам 1-й гвардзейскай пяхотнай дывізіі, на чале якой і ўступіў у вайну.

Першая сусветная вайна

Пасля пачатку Першай сусветнай вайны дывізія Гуцьера была ўключана ў склад 2-й нямецкай арміі на Заходнім фронце. На чале дывізіі прыняў удзел у баях на Марне. 3 красавіка 1915 года Оскар Гуцьер прызначаецца камандзірам 21-га армейскага корпуса ў складзе 10-й арміі і пераводзіцца на Усходні фронт.

На чале корпуса ўдзельнічае ў аперацыях супраць рускай арміі ў Польшчы і Літве. Вызначыўся ў сакавіку 1916 года пры адбіцці наступу рускіх войскаў у раёне Нарачы (штаб корпуса знаходзіўся ў беларускім мястэчку Кабыльнікі).

2 студзеня 1917 года становіцца начальнікам вайсковага кіравання «D» (Дзінабург) у раёне Рыгі.

22 красавіка 1917 года Гуцьер прызначаецца камандуючым 8-й арміяй. 1 верасня 1917 года армія Гуцьера пачынае аперацыю па захопу Рыгі. Пры фарсіраванні Заходняй Дзвіны ужыў сваю новую тактыку і замест працяглай артылерыйскай падрыхтоўкі ужыў кароткачасовы абстрэл хімічнымі снарадамі. Войскі Гуцьера фарсіравалі раку і замацаваліся на супрацьлеглым беразе. 2 верасня баі працягваліся, 6-ы Сібірскі корпус рускай арміі апынуўся адкінутым на тылавую пазіцыю. Аднак акружыць 12-ю рускую армію Гуцьеру не ўдалося. 3 верасня рускія пакінулі Рыгу, у якую ўвайшлі войскі 8-й арміі Гуцьера. У ходзе Рыжскай аперацыі войскі 8-й арміі захапілі 15 000 палонных, 273 гарматы, 246 кулямётаў і інш 6 верасня за паспяховы захоп Рыгі узнагароджаны ордэнам Pour le Mérite.

Пасля гэтага на генерала Гуцьера было ўскладзена агульнае камандаванне аперацыі па захопу Маанзундскіх астравоў. У ходзе дэсантнай аперацыі германскіх войскаў астравы былі захопленыя.

21 снежня 1917 года пасля падпісання перамір’я з Савецкай Расіяй, Гуцьер прызначаны камандуючым 18-й арміяй на Заходнім фронце. Падраздзяленні арміі займалі пазіцыі ў Сен-Кантэн. У вясновым наступе 18-й арміі адводзілася дапаможная роля — прыкрываць левы фланг. 21 сакавіка 1918 года германскія войскі перайшлі ў наступ. Армія Гуцьера за першы дзень баёў уклінілась у абарону праціўніка на 6-7 км. У ходзе далейшых баёў армія Гуцьера прарвала фронт 5-й англійскай арміі, паглыбілася на 20 км і фарсіравала Сому. 27 сакавіка войскі Гуцьера ўзялі Мандзідзье, аднак далейшы ўпарты супраціў войскаў Антанты знізіў тэмпы нямецкага наступлення, і 5 красавіка аперацыя была прыпыненая.

У ходзе аперацыі «Міхаэль», 18-я армія дамаглася найбольшых поспехаў: прайшла каля 84 км і захапіла каля 50 000 палонных. 23 сакавіка 1918 года за поспехі ў ходзе вясновага наступу атрымаў дубовыя галіны да ордэна Pour le Merite. У ходзе трэцяй бітвы на Эне, армія Гуцьера павінна была наступаць на Камп’ен. 913 чэрвеня Гуцьер нанёс удар у раёне Уазы на Камп’ен, падраздзяленні арміі прасунуліся на 10 км, аднак неўзабаве быў спынены саюзнымі войскамі ў 7 км ад Камп’ена. У заключны перыяд вайны, у ходзе ўсеагульнага наступу войскаў Антанты на Заходнім фронце, 18-й арміі прыйшлося вытрымліваць магутныя ўдары брытанскай арміі.

Пасля вайны

Пасля заканчэння вайны, у студзені 1919 года, Оскар фон Гуцьер выйшаў у адстаўку.

У пасляваеннай Германіі Гуцьер меў славу паспяховага генерала і героя вайны. Таксама як і Эрых Людендорф, Оскар фон Гуцьер сцвярджаў, што нямецкая армія не была пераможана на поле бою і Германія прайграла вайну з-за ўдару нажом у спіну з боку ўнутраных здраднікаў. Таксама Гуцьер стаў старшынёй Германскага саюза афіцэраў аж да сваёй смерці ў 1934 годзе.

З 1942 па 1944 год імем Гуцьера называлася набярэжная ў Рызе.

«Тактыка Гуцьера»

Гуцьер заўважыў, што ў многіх папярэдніх баях звычайны метад атакі з працяглай артылерыйскай падрыхтоўкай на ўсёй лініі фронту з масіраваным ударам пяхотных падраздзяленняў вядзе да катастрафічных страт. Оскар фон Гуцьер прапанаваў альтэрнатыўны метад, які атрымаў назву «тактыка Гуцьера» Новая тактыка заключалася ў наступным[4]:

  1. Кароткая артылерыйская падрыхтоўка, якая вялася цяжкімі гарматамі і хімічнымі снарадамі.
  2. Пасля гэтага ў атаку ішлі штурмавыя батальёны (Sturmbataillon(ням.) бел.), узброеныя самымі перадавымі відамі зброі — кулямётамі, агнямёты, мінамёты. Іх задачамі з’яўляліся пранікненне ў тыл праціўніка, пазбягаючы франтальных баёў, і захоп камандных пунктаў, штабоў, пунктаў сувязі, артылерыйскіх пазіцый праціўніка.
  3. Пасля гэтага звычайныя пяхотныя падраздзяленні наносілі ўдар па лініі абароны праціўніка, саслабленай ў выніку страты кіравання, сувязі, падтрымкі артылерыі. Наяўнасць вялікага ліку мінамётаў і артылерыі ў наступаючых давала ім магчымасць накіраваць артылерыйскі агонь туды, дзе гэта было найбольш неабходна.

Сутнасць сваёй тактыкі Гуцьер выклаў у кнізе «Атака ў пазіцыйнай вайне», якая была выдадзена ў 1918 годзе[4].

Зноскі

  1. 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #127949240 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 9 красавіка 2014.
  2. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #127949240 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 10 снежня 2014.
  3. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #127949240 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 снежня 2014.
  4. 1 2 Виллмонт Г. П. Первая мировая война. — Словакия: Dorling Kindersley Books, 2010. — ISBN 978-5-91678-044-4.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (22):
Катэгорыя·Памерлі ў Берліне
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Чырвонага арла
Катэгорыя·Памерлі 5 снежня
Катэгорыя·Генералы пяхоты (Германія)
Катэгорыя·Памерлі ў 1934 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 5 верасня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1857 годзе
Катэгорыя·Кавалеры Жалезнага крыжа 1 класа
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Эрфурце
Катэгорыя·Узнагароджаныя Ордэнам Альбрэхта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Кавалеры «Ордэна Кароны» (Прусія)
Катэгорыя·Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Данеброга
Катэгорыя·Узнагароджаныя Баварскім ордэнам «За ваенныя заслугі»
Катэгорыя·Кавалеры Каралеўскага Віктарыянскага ордэна
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Pour le Mérite
Катэгорыя·Кавалеры Жалезнага крыжа 2 класа
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Удзельнікі Першай сусветнай вайны
Катэгорыя·Нарадзіліся 27 жніўня
Катэгорыя·Узнагароджаныя Ваенным ордэнам Святога Генрыха