Нікодам Мусніцкі (таксама Нікодым Мусніцкі, польск.: Nikodem Muśnicki; 16 лютага 1765, Упіцкі павет[1], Жамойць, Літва — 16 студзеня 1805, Полацк) — паэт, драматург, гісторык і педагог.
Дзяцінства правёў у езуіцкім канвікце ў Полацку[2]. Пасля курса рыторыкі ў Полацкім езуіцкім калегіуме паступіў у Полацкі навіцыят і 25 ліпеня 1781 г. далучыўся да Таварыства Ісуса. У 1782—1783 гг. вучыўся ў педагагічнай семінарыі ў Оршы і вывучаў філасофію ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Выкладаў рыторыку і паэзію (1787—1788) у Мсціславе, а потым вярнуўся ў Полацк, каб прайсці курс тэалогіі. У 1791 г. быў высвечаны на ксяндза.
У 1792—1793 гг. — прафесар рыторыкі ў Полацку. Прэфект школ (1793—1794) у Оршы; рэгент канвікта, а потым прафесар філасофіі ў Віцебскім езуіцкім калегіуме (1795—1800) 15 жніўня 1798 г. даў манаскія абяцанні. З 1800 па 1805 гг. — прафесар тэалогіі, права і гісторыі ў Полацкім езуіцкім калегіуме.
Памёр 16 студзеня 1805 г. у Полацку[3].
Аўтар шэрагу драматычных твораў, у т.л. дыдактычных камедый «Дзівак» («Dziwak», 1800) і «Падазронасць» («Podejrzliwość» 1802), класіцыстычнай трагедыі «Тэатральныя забаўкі» («Zabawki teatralne», у 2-х тт., 1803)), і паэтычных зборнікаў («Poetyckie zabawki», 1803 і «Drobniejsze poetyckie zabawki», 1804). Драматычныя творы пісаліся на патрэбу школьнага езуіцкага тэатра, які быў вельмі модны ў ХVІІІ ст. і стаў асновай развіцьця тэатру наогул. Большасьць п’ес напісаных Н. Мусьніцкім характэрныя менавіта для школьнага тэатру і маюць павучальны-дыдактычны характар[4].
Найбольшую вядомасць атрымаў праз гераічную паэму ў дзесяці песнях «Палтава» (створана ў 1790 г., а надрукавана ў Полацку ў 1803 г.), у якой услаўляецца перамога рускіх войскаў Пятра І над шведамі. Твор выклікаў у 1817—1818 гг. вострую ідэйную палеміку на старонках перыядычнага друку Беларусі і Літвы (гл., напрыклад, артыкул Вінцэнція Бучынскага Na zarzuty Iana Styczyńskiego przeciw obronie poematu X. N. Muśnickiego pod tytulem Pułtawa, odpowiedź X. Wincentego Buczyńskiego T.J.[5]).
Займаўся вывучэннем гісторыі беларускіх езуітаў, якім прысвяціў працу «Historia Societatis Iesu Rossiacae, conservatae in Alba Russia et propagatae»[6][4].