Нацыянальны музей у Нью-Дэлі — найбуйнейшы музей у Індыі, у якім прадстаўлена калекцыя разнастайных археалагічных знаходак, гістарычных артэфактаў і прадметаў мастацтва. Музей кіруецца Міністэрствам культуры Індыі, часткай Урада Індыі. Размяшчаецца ў Дэлі, на скрыжаванні вуліц Джанпат і Маўлала.
Вытокі Нацыянальнага музея пачынаюцца з выстаўкі індыйскага мастацтва і артэфактаў у Каралеўскай Акадэміі ў Лондане ўзімку 1947-48 гг.[1], якая адбылася адразу пасля здабыцца Індыяй незалежнасці ад Вялікабрытаніі. Па заканчэнні выстаўкі, яе куратары вырашылі прадэманстраваць такую ж калекцыю ў Індыі да вяртання экспанатаў у музеі. Індыйская выстаўка была паказана ў Раштрапаці Бхаван у 1949 годзе і была настолькі паспяховай, што было прынята рашэнне стварыць пастаянны нацыянальны музей. Ініцыятарам яго стварэння выступіла група індыйскіх археолагаў і мастацтвазнаўцаў, якія пераканалі ўрад у неабходнасці падобнай установы для паспяховага культурнага развіцця[2].
15 жніўня 1949 года Нацыянальны музей афіцыйна адкрыў генерал-губернатар Індыі Чакраварці Раджагапалачары. У той час было вырашана, што пакуль музей не абзавядзецца сваім будынкам, экспанаты будуць захоўвацца ў Раштрапаці Бхаван. Першы камень у будынак Нацыянальнага музея Індыі ў Дэлі 12 мая 1955 года заклаў прэм’ер-міністр краіны Джавахарлал Нэру, які пры адкрыцці музея ва ўрачыстых абставінах 18 снежня 1960 г. быў ужо віцэ-прэзідэнтам краіны. Новы будынак Нацыянальнага музея аздоблены чырвоным і жоўтым пясчанікам, які ўжываўся ў будаўніцтве ў дзяржаве Вялікіх Маголаў. Будынак дазваляе не толькі разгарнуць экспазіцыю, але і праводзіць розныя віды навукова-асветніцкай работы, такія як курсы аматараў мастацтва[2].
У аснову экспазіцыі музея пакладзена калекцыя індыйскага мастацтва, сабраная ў 1947—1948 гг. для часовай дэманстрацыі ў Лондане. Найбольш важным у музеі лічыцца археалагічны аддзел, дзе экспануюцца такія унікумы, як скульптурны партрэт (2,5 тыс. гадоў да н. э.), знойдзены ў Махенджарадзе, скульптуры царстваў Маўрыяў (332—185 гг. да н. э.), Гуптаў (IV—VI ст. н. э.) і інш. Шмат каштоўных помнікаў знаходзіцца ў аддзелах выяўленчага мастацтва, рукапісаў, антрапалогіі, зброі, драўляных вырабаў. Крыху ў баку ад асноўнай часткі экспазіцыі размешчаны дзве калекцыі: сярэднеазіяцкая, падараваная англійскім навукоўцам і падарожнікам А. Штэйнам, і дакалумбавага амерыканскага мастацтва, сабраная індыйскім калекцыянерам Н. Хіраменекам. Агульная колькасць прадметаў, што захоўваюцца ў фондасховішчы Нацыянальнага музея Індыі, складае 200 тыс. адзінак[2].
У наш час музей знаходзіцца ў распараджэнні і фінансуецца Міністэрствам культуры і Міністэрствам развіцця людскіх рэсурсаў[1].