Наро́дны камісарыя́т рабо́ча-сяля́нскай інспе́кцыі Белару́скай ССР (РСІ, Рабкрын) быў утвораны ў снежні 1920 г. на базе Камісарыята рабоча-сялянскай інспекцыі Ваенрэўкама БССР[1]. Папярэднікамі РСІ былі органы рабочага кантрою, які пачаў ажыццяўляцца пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г.
З мая 1918 г. пачала дзейнічаць Уліковая кантрольная камісія пры Аблвыканкамзахе. У студзені 1919 г. створаны Камісарыят дзяржаўнага кантролю Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Паводле рашэнняў I Усебеларускага з’езда Саветаў ён пераўтвораны ў Камісарыят дзяржаўнага кантролю ССРБ, 27 лютага 1919 г. яго функцыі перайшлі да Наркамата дзяржаўнага (з сакавіка 1919 г. — народнага) кантрою ЛітБелССР. У сувязі з польскай акупацыяй дзейнасць органаў народнага кантролю на яе тэрыторыі Беларусі спынілася.
На 1 студзеня 1921 г. структура НК РСІ БССР складалася з эканамічнай інспекцыі з секцыямі (тэхніка-прамысловай; харчовай і сельскагаспадарчай; каштарыснай-касавай) і аддзелаў (адміністрацыйна-судовага; сацыяльна-культурнага; аховы працы і аховы здароўя).
У адпаведнасці з Палажэннем аб рабоча-сялянскай інспекцыі, зацверджаным 17 снежня 1921 года, на НК РСІ БССР ускладаліся:
У абавязкі НК РСІ ўваходзілі таксама расследаванне і назіранне за разборам скаргаў і заяў, што паступаюць у цэнтральныя і мясцовыя органы. Рабоча-сялянская інспекцыя падпарадкоўвалася непасрэдна ЦВК БССР і яго Прэзідыуму.
На аснове дагавора ад 16 студзеня 1921 г. аб ваенным і гаспадарчым саюзе паміж ССРБ і РСФСР заключана пагадненне паміж адпаведнымі наркаматамі. Народны камісарыят РСІ ССРБ з’яўляўся органам дзяржаўнага кантролю на яе тэрыторыі, а таксама паўнамоцным прадстаўніком Народны камісарыят РСІ РСФСР, атрымаў рэвізійна-інспекцыйныя правы ў адносінах да ўсіх устаноў, якія знаходзіліся на тэрыторыі савецкай Беларусі, але падпарадкоўваліся дзяржаўным органам РСФСР.
У красавіку 1923 г. у сувязі з прынятым ХII з’ездам РКП(б) рашэннем аб аб’яднанні партыйнага і дзяржаўнага кантролю, РСІ і ЦКК КП(б)Б аб’ядналіся ў адзіны кантрольны орган — ЦКК РСІ Беларусі, а 1 жніўня 1923 г. была зацверджана новая структура Наркамата РСІ БССР, якая складалася з двух цэнтральных упраўленняў: агульнага і аператыўнага.
3 лістапада 1924 г. ЦВК БССР зацвердзіў новае Палажэнне аб Наркамаце РСІ БССР, у якім адзначалася, што РСІ — асноўны орган Савецкай улады па правядзенні ў жыццё мерапрыемстваў па ўдасканаленні дзяржапарату, прыстасаванню яго да задач сацыялістычнага будаўніцтва.
Пастановай СНК БССР ад 7 ліпеня 1927 г. Наркамату РСІ БССР было прадастаўлена права канчатковага сцвярджэння штатаў наркаматаў і цэнтральных устаноў БССР.
У 1931 г. пры СНК БССР арганізуецца Камісія выканання, якая існавала разам з наркаматам РСІ і на якую ўскладалася праверка выканання дырэктыў урада і ўмацаванне дысцыпліны на прадпрыемствах і ва ўстановах.
У 1934 г. ў сувязі з рашэннем ХVII з’езда ВКП(б) аб стварэнні Камісіі партыйнага кантролю пры ЦК ВКП(б) і Камісіі савецкага кантролю пры СНК СССР (замест ЦКК РСІ) пастановай ЦВК і СНК БССР ад 8 сакавіка 1934 г. НК РСІ БССР быў скасаваны, а на яго базе была створана Камісія савецкага кантролю пры СНК БССР.