Наві́цкавіцкі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Цэнтр — аграгарадок Навіцкавічы.
Утвораны 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці БССР. 16 ліпеня 1954 года сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Дзмітровіцкага сельсавета[1]. 15 студзеня 1962 года Пашукоўскі сельсавет перайменаваны ў Навіцкавіцкі, цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Навіцкавічы[2]. 14 красавіка 1964 года ў склад новаўтворанага Камянюцкага сельсавета перададзены 12 населеных пунктаў (Гвоздзь I, Гвоздзь II, Глыбокі Вугал, Грані, Дуброва, Лавы, Ляцкія, Падбельскія Агароднікі, Пашуцкая Буда, Рэпішча, Саладуха і Яловы Груд)[3]. 4 верасня 1972 года скасаваны вёскі Падбела-II і Падбела-III (зліліся з вёскай Падбела-I)[4], 19 ліпеня 1976 года — вёска Падлессе (злілася з вёскай Пашукі)[5]. На 1 студзеня 1974 года ў складзе сельсавета было 12 населеных пунктаў[6].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 1205 чалавек[7], з іх 90,8 % — беларусы, 5,1 % — украінцы, 3,5 % — рускія[8].