У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лапіцкі. Мікалай Лапіцкі (13 снежня 1907, в. Грэлікі[2], Вілейскі павет, Віленская губерня, цяпер Вілейскі раён, Мінская вобласць — 8 жніўня 1976, Глен-Спэй, Нью-Ёрк, ЗША) — беларускі рэлігійна-грамадскі дзеяч, праваслаўны святар, публіцыст, педагог. Магістр багаслоўя. Дзеяч беларускай эміграцыі.
Нарадзіўся ў заможнай сялянскай сям’і Сцяпана і Домны. Рэлігійныя бацькі далі дзецям традыцыйнае хрысціянскае выхаванне. У 1934 г. прыняў дыяканскія пасвячэнні, неўзабаве — сан прасвітэра. У 1935 г. атрымаў ступень магістра багаслоўя за працу «Праваслаўе ў Вялікім Княстве Літоўскім за часоў панавання Уладыслава Ягайлы». Служыў у прыходзе з Ашмянах. У 1935 г. прызначаны настаяцелем у Свята-Пакроўскую царкву ў Сцяфанполле (Дзісенскі павет), дзе служыў да 1942 г. Быў жанаты з Валянцінай Трафімук. У Сцяфанполлі ў М. Лапіцкага нарадзіўся сын. З 1942 года ў Мінску. Актыўна ўдзельнічаў у Мінскім царкоўным саборы (1942), які абвясціў аўтакефалію Беларускай праваслаўнай царквы.
Удзельнік Другога Усебеларускага кангрэса ў Мінску ў чэрвені 1944 года.[2]
Пасля 1944 г. эмігрыраваў, спачатку ў Германію. У Рэгенсбургу М. Лапіцкі арганізаваў беларускі праваслаўны прыход і кіраваў будаўніцтвам царквы, якая ў 1946 г. была асвечана ў гонар Ефрасінні Полацкай. Некаторы час быў дырэктарам Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Міхельсдорфе. З 1950 года ў ЗША, дзе таксама актыўна ўдзельнічаў у беларускім руху. Быў настаяцелем беларускай парафіі ў Саўт-Рыверы і парафіяльнай школы пры ёй, дзе сам быў выкладчыкам. Удзельнічаў у выданні часопісу «Царкоўны Сьветач», пэўны час быў яго рэдактарам.
Памёр у Беларускім адпачынкавым цэнтры «Бэлэр-Менск» каля мястэчка Глен-Спэй (штат Нью-Ёрк). Пахаваны на беларускіх могільніках у Саўт-Рыверы.