Мікалай Кміціц (польск.: Mikołaj Kmicic; 1601, Віцебшчына — 24 лютага 1632, Вільня) — новалацінскі паэт і педагог.
Нарадзіўся на Віцебшчыне. У 1617 г. уступіў у Таварыства Ісуса. Вывучаў у Полацкім езуіцкім калегіуме паэтыку пад кіраўніцтвам Мацея Казіміра Сарбеўскага і рыторыку (1619—1621), а ў Пултуску — філасофію (1621—1624). Вярнуўся ў Полацк, дзе год працаваў выкладчыкам паэтыкі. Быў запрошаны выкладаць паэтыку ў Віленскую акадэмію (універсітэт). У 1628—1632 гг. слухаў там лекцыі па тэалогіі. Памёр і пахаваны ў Вільні[2].
У Віленскай акадэміі з ініцыятывы Кміціца склаўся гурток гуманістычнага кірунку, у які ўвайшлі найбольш здольныя знаўцы красамоўства і паэзіі (Жыгімонт Лаўксмін, Ян Рывоцкі, Томаш Клягэ і інш.). Вынік дзейнасці гуртка — створаныя яго ўдзельнікамі паэтычныя творы, якія выдаваліся пад агульнай назвай ад імя акадэміі. Частка твораў Кміціца была надрукавана, але частка засталася ў рукапісах, і лёс іх невядомы[3]..
Кміціц — найбольш верагодны аўтар гераічнай паэмы пра смерць Язафата Кунцэвіча («Iosaphatidos sive de nece B. Iosaphat Kuncewicz … libri tres» («Язафатыда, або Пра забойства Язафата Кунцэвіча, … у трох кнігах»), Вільня, 1628)[4]. Таксама вядомыя панегірыкі Кміціца ў гонар М. К. Сарбеўскага, каноніка віленскага Юрыя Тышкевіча і інш.
Талент Кміціца высока цаніў яго настаўнік — Сарбеўскі. Даследчыкі літаратуры В. Каяловіч і Ф. Бянтоўскі адносяць яго да відных дзеячаў Віленскай акадэміі. Каяловіч параўноўваў паэзію Кміціца з паэзіяй Сарбеўскага. Энцыклапедычны слоўнік Бракгауза і Ефрона называе Кміціца «адным з лепшых лацінскіх паэтаў XVII ст.»[5]