У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Нікалаеў. Мікалай Віктаравіч Нікалаеў (нар. 21 лютага 1955, Шчучын) — беларускі гісторык і грамадскі дзеяч. Доктар філалагічных навук (1997). Ганаровы грамадзянін Навагрудскага раёна[1].
М. Нікалаеў — адзін з заснавальнікаў і членаў прэзідыуму Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, адзін з стваральнікаў і член Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу.
Скончыў БДУ, спецыяльнасць «гісторыя, археалогія» (1977). Працаваў у Ленінградскім аддзяленні Інстытута археалогіі АН СССР, удзельнічаў у раскопках старажытнага Навагрудка, Старой Ладагі. З 1978 года ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы — навуковы супрацоўнік, загадчык аддзелу.
У 1988 годзе ў Санкт-Пецярбургу абараніў кандыдацкую дысертацыю «Славянская рукапісная кніга на беларускіх землях у XIV—XVIII стст.», у 1997 — доктарскую дысертацыю «Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага».
Даследуе гісторыю культуры Беларусі, беларускае мастацтва, гісторыю праваслаўнай царквы ў Беларусі.
Пераклаў на беларускую мову працу І. Грыгаровіча «Беларуская іерархія» (1992). Аўтар манаграфіі «Палата кнігапісная» (1993), прысвечанай пытанням традыцый кніжнай культуры Беларусі, гісторыі старажытная кірылічнай кнігі, богаслужбовых кніг на лацінскай мове, беларускай рукапіснай кнігі[2].