У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Музей Бібліі.
Музей біблейскіх краін (іўр.: מוזיאון ארצות המקרא, англ.: Bible Lands Museum) — музей у Іерусаліме (Ізраіль), які даследуе культуру народаў, згаданых у Танаху, у тым ліку старажытных егіпцян, хананеяў, філістымлян, арамейцаў, хетаў, эламітаў, фінікійцаў і персаў. Мэтай музея з’яўляецца прадстаўленне культуры гэтых народаў у гістарычным кантэксце[1]. Музей размешчаны ў музейным комплексе раёна Гіват Рам[2], паміж Музеем Ізраіля, Нацыянальным цэнтрам археалогіі Ізраіля і Музеем навукі імя Блюмфільда.
Музей быў заснаваны Элі Бароўскім у 1992 годзе для размяшчэння сваёй асабістай калекцыі. Падчас візіту ў Іерусалім у 1981 годзе ён пазнаёміўся ў гатэлі з жанчынай па імі Бацья Вайс, якая прапанавала яму перавезці калекцыю ў Ізраіль і не ствараць для яе музей у Таронта, як гэта было запланавана першапачаткова. Дзякуючы пратэкцыі Бацьі Вайс Бароўскі быў прадстаўлены мэру Іерусаліма Тэдзі Колеку, пры падтрымцы якога ў Ізраілі быў пабудаваны Музей біблейскіх краін.
У цэнтральнай галерэі музея прадстаўлены сотні артэфактаў: старажытныя дакументы, ідалы, манеты, статуэткі, зброя, кераміка і пячаткі з усяго старажытнага Блізкага Усходу. Многія тэмы суправаджаюцца падрабязнымі анатацыямі, напрыклад: «Паходжанне алфавіта», «Бальзамаванне», «Падарожжа Аўраама». У музеі таксама выстаўлены макеты старажытных паселішчаў у Іерусаліме, Зікураце ва Уры і пірамід Гізы. Паколькі мэтай экспазіцыі з’яўляецца адлюстраванне гісторыі старажытных блізкаўсходніх цывілізацый, куратары і супрацоўнікі музея надаюць вялікую ўвагу адпаведным біблейскім паэтычным тэкстам. Так напрыклад, над галерэяй старажытных анаталійскіх гарлачоў размешчана адзін з паэтычных радкоў Бібліі: «Вось, выйшла Рэбэка, і збанок яе на плячы ў яе, і сышла да крыніцы і зачарпнула» (Кніга Быцця 24:45).
Цэнтральная галерэя складаецца з 21 раздзела. Раздзелы пранумараваны ў храналагічным парадку.