Ма́рлан Бра́нда (англ.: Marlon Brando; 3 красавіка 1924, Омаха, Небраска, ЗША — 1 ліпеня 2004, Лос-Анджэлес, ЗША) — амерыканскі акцёр
кіно і тэатра, рэжысёр. Адзін з найвыбітнейшых амерыканскіх акцёраў.
Вучыўся ў ваеннай акадэміі, у тэатральным класе школы сацыяльных даследаванняў, а потым у Акцёрскай студыі Лі Страсберга. У 1944 дэбютаваў у тэатры на Брадвеі ў п’есе «Я памятаю маму», а ў 1950 — у кіно (фільм «Мужчыны»).
Для акцёрскай манеры Бранда ўласцівы непасрэдная эмацыйнасць, імправізацыйны талент, прыцягальнасць і г.д. Свой уласны стыль ён распрацаваў па сістэме Станіслаўскага. Яго ігра мела ўплыў на такіх акцёраў як Джэймс Дін, Роберт Дэ Ніра, Пол Ньюман. Дыяпазон яго акцёрскіх здольнасцей надзвычай шырокі — ад псіхалагічных драм да лёгкіх камедый. Найбольш удалыя і складаныя ролі сыграў у фільмах «Пагоня» (1965), «Хросны бацька» (1972; прэмія «Оскар»), «Апошняе танга ў Парыжы» (1972), «Апакаліпсіс сёння» (1979), «Дон Жуан дэ Марка» (1995). Здымаўся ў кінастужках вядомых амерыканскіх і еўрапейскіх рэжысёраў — Ф. Ф. Копалы, Э. Казана, Б. Берталучы і інш. Неаднаразовы лаўрэат міжнародных кінафестываляў, прэмій Брытанскай кінаакадэміі. У 1994 апублікаваў мемуары пад назвай «Песні, якім навучыла мяне маці».