У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Мардва (значэнні). Мардва́ — фіна-ўгорскі[12] народ[13], які падзяляецца на два субэтнасы — мокша і эрзя[14]. Саманазва макшан макш.: мокшет, эрзян — эрз.: эрзят. Размаўляюць на макшанскай і эрзянскай мовах, якія адносяцца да мардоўскай падгрупы. Этнаграфічныя групы[14]: эрзян — шокша, макшан — каратаі. Пражываюць у Расійскай Федэрацыі, каля траціны[15] — у Мардовіі, а таксама ў сумежных абласцях — Ніжагародскай, Пензенскай, Тамбоўскай, Разанскай, Самарскай, Маскоўскай[16]. Адносяцца да карэннага насельніцтва Цэнтральнай Расіі. Вернікі — галоўным чынам праваслаўныя[12], ёсць таксама прыхільнікі народнай рэлігіі[17] (традыцыйная рэлігія макшан — макшэнь кой), лютэране[18] і малакане.