Манджул Бхаргава (англ.: Manjul Bhargava; нар. 8 жніўня 1974, Гамільтан, Канада) — амерыканскі матэматык індыйскага паходжання. Працы ў асноўным прысвечаны тэорыі лікаў. Член Лонданскага каралеўскага таварыства. Лаўрэат Філдсаўскай прэміі (2014).
Яго бацькі пераехалі ў Канаду з Індыі, а пасля яго нараджэння пераехалі ў ЗША. Яго маці, матэматык па прафесіі, выкладала ва ўніверсітэце і навучыла яго матэматыцы. У 1996 годзе атрымаў ступень бакалаўра ў Гарвардскім універсітэце, у 2001 годзе атрымаў ступень доктара філасофіі па матэматыцы ў Прынстанскім універсітэце. З 2003 года працуе ў Прынстанскім універсітэце, з 2010 года таксама выкладае ў Лейдэнскім універсітэце.
Атрымаў шэраг узнагарод, у лік якіх уваходзяць Стыпендыя Пакардаў (2004) і Прэмія Коўла (2008).
У 2014 годзе зрабіў пленарны даклад на Міжнародным кангрэсе матэматыкаў і стаў лаўрэатам Філдсаўскай прэміі. У 2015 годзе атрымаў Падма Бхушан.
З’яўляецца членам Нацыянальнай акадэміі навук ЗША (2013), правадзейным членам Амерыканскага матэматычнага таварыства.