Малы́я Лётцы[1] (трансліт.: Malyja Liotcy, руск.: Малые Лётцы) — вёска ў Лятчанскім сельсавеце Віцебскага раёна, за 19 км на захад ад Віцебска, на аўтадарозе Р-151. Чыгуначная станцыя на лініі Віцебск — Полацк. Цэнтр сельсавета. Паблізу знаходзіцца санаторый «Лётцы» і дзіцячы лагер адпачынку. Каля вёскі працякае рака Заронаўка, у 600 метрах ад Малых Лётцаў размешчана возера Шэвіна.
У пачатку XX стагоддзя на месцы вёскі не было забудовы. За 1 км на ўсход, каля берага возера Лётцы, існаваў фальварак Малыя Лётцы, які належаў двараніну Свянціцкаму.