Маларыцкі раён — раён на паўднёвым захадзе Брэсцкай вобласці. Мяжуе з Брэсцкім, Жабінкаўскім і Кобрынскім раёнамі Брэсцкай вобласці і Украінай. Утвораны 15 студзеня 1940 года. Цэнтр раёна — горад Маларыта з насельніцтвам 11.3 тыс.чал. Раён уключае 78 сельскіх населеных пунктаў.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльна Маларыцкі раён падзелены на 9 сельсаветаў: Арэхаўскі, Велікарыцкі, Гвозніцкі, Лукаўскі, Макранскі, Маларыцкі, Олтушскі, Хаціслаўскі і Чарнянскі.
Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Брэсцкага Палесся. Найвышэйшы пункт раёна — 189 м — у 4 км на паўднёвы захад ад Маларыты. З карысных выкапняў у раёне ёсць торф, мел, сілікатныя і будаўнічыя пяскі, гліна.
Сярэднямесячная тэмпература паветра ў студзені −4.4 °C, у ліпені 18,7 °C. Гадавая колькасць ападкаў 543 мм. Найбуйнейшая рака раёна — Рыта з прытокам Маларытай. Азёры: Арэхаўскае, Олтушскае, Малое. Створана Лукаўское вадасховішча, сетка меліярацыйных каналаў.
Лясістасць тэрыторыі 45 %. Пад балотамі 20 %. Большасць з іх асушана. У раёне створаны заказнікі: біялагічны рэспубліканскага значэння Лукава, батанічныя мясцовага значэння Гусакі і Багуслаўка.
Маларыцкі раён ўтвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Брэсцкай вобласці БССР. Цэнтр — вёска (з 12 кастрычніка 1940 года гарадскі пасёлак) Маларыта. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 11 сельсаветаў: Арэхаўскі, Велікарыцкі, Гвозніцкі, Збуражскі, Лукаўскі, Ляхавецкі, Макранскі, Масевіцкі, Олтушскі, Радзежскі, Хаціслаўскі. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Збуражскі, Ляхавецкі, Масевіцкі і Радзежскі сельсаветы[5]. 8 жніўня 1959 года да раёна далучаны Осаўскі і Чарнянскі сельсаветы скасаванага Дзівінскага раёна. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, гарадскі пасёлак Маларыта, Арэхаўскі, Велікарыцкі, Гвозніцкі, Лукаўскі, Макранскі, Олтушскі, Хаціслаўскі сельсаветы перададзены ў склад Брэсцкага раёна, Осаўскі і Чарнянскі — у склад Кобрынскага раёна. 6 студзеня 1965 года раён утвораны зноў, уключаў гарадскі пасёлак Маларыта, Арэхаўскі, Велікарыцкі, Гвозніцкі, Лукаўскі, Макранскі, Олтушскі, Хаціслаўскі сельсаветы Брэсцкага раёна і Чарнянскі сельсавет Кобрынскага раёна. 23 снежня 1970 года Маларыта атрымала статус горада раённага падпарадкавання. 2 сакавіка 1998 года ўтвораны Маларыцкі сельсавет, які 17 верасня 2013 года скасаваны[6].
Па тэрыторыі раёна праходзяць дзве аўтамагістралі рэспубліканскага значэння — мяжа Украіны (Олтуш) Р-17 і Кобрын — мяжа Украіны (Макраны) М-12 працягласцю 94,4 км. Паміж населенымі пунктамі раёна шырокая сетка дарог, агульнай працягласцю 454,8 км з іх з асфальта-бетонным пакрыццём 115,3 км, жвіровым пакрыццём 314 км, грунтавым 25,5 км.