У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бекман.
Макс Бекман (ням.: Max Beckmann, 12 лютага 1884, Лейпцыг — 27 снежня 1950, Нью-Ёрк) — нямецкі мастак, адзін з найбуйнейшых майстроў міжваеннага перыяду XX ст., партрэтыст.
Вучыўся жывапісу ў Веймары, пераехаў у Берлін. У гады Першай сусветнай вайны працаваў у шпіталі. Цікавіўся містыкай і тэасофіяй. Гады яго найбольшага прызнання як мастака — перыяд Веймарскай рэспублікі. У 1927 атрымаў Ганаровую імператарскую прэмію ў намінацыі Нямецкае мастацтва і Залаты медаль г. Дзюсельдорф. З 1925 года выкладаў у Штэдэлеўскім мастацкім інстытуце. У 1933 г. быў адхілены ад выкладання нацысцкімі ўладамі, больш за 500 яго карцін былі канфіскаваныя з музеяў Германіі, яго творчасць прылічылі да дэгенератыўнага мастацтва. Майстар з жонкай пераехалі ў 1937 годзе ў Амстэрдам, але нацысты і там не пакідалі яго ў спакоі: у 1944 годзе ён ледзь пазбег мабілізацыі, перанёс інфаркт. Толькі ў 1947 годзе Бекман з жонкай здолелі перабрацца за акіян. Нягледзячы на кароткае знаходжанне ў ЗША, аказаў вялікі ўплыў на амерыканскае мастацтва.