wd wp Пошук:

Майсей Зельманавіч Любіч

Гродзенская харальная сінагога і Школьны двор. Пач. ХХ ст.

Майсей Зельманавіч Любіч — гродзенскі архітэктар, валодаў прыватнай праектнай арганізацыяй — тэхнічнай канторай, у якой выконваліся праекты будынкаў. Ён быў сынам члена гарадской управы Зельмана Любіча, і, відаць, меў добрую адукацыю.

Цягам некалькіх гадоў па праекце Любіча ў новамодным маўрытанскім стылі была перабудавана галоўная сінагога, будынак школы хасідаў і Кляўз, і з нуля ўзведзены школы Хеўра-Алшых і мяснікоў на Школьным двары. Галоўнай мастацкай асаблівасцю, які аб’ядноўваў гэты комплекс з пяці яўрэйскіх храмаў, з’яўлялася багатае дэкараванне вонкавых сцен рустам і ўпрыгожванне вокнаў ліштвамі, фланкіраванне фасадаў квадратнымі вежамі з кілепадобнымі завяршэннямі.

Малітоўня Хеўра-Алшых. Праектны рысунак М.Любіча, 1900 г.

Любіч упершыню праявіў сябе ў якасці архітэктара пасля таго, як у выніку веснавога пажара 1885 г. згарэла палова Гродна. Горад пачаў адбудоўвацца вельмі імкліва, і такія прафесіі як архітэктары і будаўнікі былі аднымі з найбольш запатрабаваных. Самымі прыкметнымі праектамі М. Любіча ў гэты час з’яўляюцца дом купца Мураўёва на Параднай плошчы, воданапорная вежа і дом купцоў Франкаў на Саборнай вуліцы. Пасля рэалізацыі гэтых аб’ектаў архітэктар набыў вядомасць. Галоўнымі кліентамі Любіча выступалі самыя заможныя жыхары Гродна.

Найлепей творчасць Любіча праявілася ў сакральнай яўрэйскай архітэктуры. Апроч комплекса храмаў на Школьным двары ў Гродне, яму належыць праект будаўніцтва малітоўні Брэгмана ў Гродне на вул. Мяшчанскай у 1898 г. і малітоўні Асіра пры вуліцы Доўгай у Брэсце ў 1902 г.

Дом купца Мураўёва на цэнтральнай плошчы Гродна

У 1891 г. гарадскі галава Гродна звярнуўся з просьбай да губернатара аб наданні Майсею Любічу ганаровага грамадзянства. Аднак міністэрства юстыцыі не дазволіла зрабіць гэтага, спасылаючыся на тое, што той не адпавядае патрабаванням аб наданні асабістага ганаровага грамадзянства. Нягледзячы на адмову, архітэктар актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці горада: ён з’яўляўся чальцом праўлення добраахвотнага пажарнага таварыства, а таксама таварыства па забеспячэнню беднага насельніцтва дровамі і іншымі прадметамі першай неабходнасці.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Архітэктары Гродна
Катэгорыя·Архітэктары Расійскай імперыі
Катэгорыя·Архітэктары Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з няпэўнай значнасцю