wd wp Пошук:

Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа

Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа — прафесійны тэатр у Мазыры. Размяшчаецца ў будынку па Ленінскай вуліцы, 23, узведзенага ў 1929—1932 гг. як клуб-тэатр.

Гісторыя

Утвораны ў 1990 годзе на базе Народнага тэатра, які існаваў у Мазыры з пачатку 1950-х гадоў. Трупа тэатра была сфарміравана з артыстаў былога Народнага тэатра і маладых выпускнікоў тэатральнай студыі горада. Спачатку тэатр задумваўся як эксперымент і меў назву Беларускі эксперыментальны тэатр «Верасень». Заснавальнікам і першым мастацкім кіраўніком тэатра стаў рэжысёр Міхаіл Колас.

Трупа «Верасня» асвойвала драматургію сучасных беларускіх аўтараў — Г. Марчука, Ю. Куліка, А. Дзялендзіка, І. Сідарука, Ф. Булякова, а таксама ажыццяўляла новае сцэнічнае прачытанне класікі — п’ес Я. Купалы, В. Вольскага і іншых. На «вераснёўскай» сцэне ставілі спектаклі майстры сучаснай беларускай рэжысуры — Мікола Трухан, Віталь Баркоўскі, Уладзімір Караткевіч.

У 1994 годзе тэатру было прысвоена імя народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Рэпертуар тэатра працягваў папаўняцца ўзорамі класікаў і сучаснікаў сусветнай і айчыннай драматургіі. Паступова тэатр стаў арыентавацца на традыцыйныя формы пастановак і стаў драматычным.

Драматычны тэатр у Мазыры — адзін з самых маладых прафесійных калектываў Беларусі. Акрамя таго, Мазыр — першы з райцэнтраў Беларусі, у якога з’явіўся ўласны драмтэатр. Другім стаў Пінск.

Сучаснасць

З 1999 года мастацкім кіраўніком тэатра імя І. Мележа становіцца Раман Цыркін. Першымі яго пастаноўкамі на сцэне Мазырскага тэатра былі пераважна п’есы лёгкага жанру, так званыя «камедыі палажэнняў» («Мужчынскі род, адзіночны лік» Ж.-Ж. Брыкера і М. Ласега, «Кантракт» Ф. Вебера).

За адзін сезон тэатр выпускае 5-6 пастановак, з іх 2-3 — для юнага гледача. У 2002 і 2004 гадах тэатр стаў лаўрэатам абласнога фестывалю творчай тэатральнай моладзі, у 2003 і 2005 — стаў пераможцам на «Славянскіх тэатральных сустрэчах».

З 2010 года ў вялікай залі не паказваліся спектаклі. Тэатр знаходзіўся на рэканструкцыі. 16 лютага 2013 года ў будынку здарыўся пажар. Агнём было знішчана каля 800 кв. метраў даху. Часткова пашкоджаны другі паверх. Таксама былі знішчаны амаль ўсе сцэнічныя касцюмы, а таксама тэатральны архіў[1].

Зноскі

  1. http://www.mozyr.by/news/news.php?news_id=235 Архівавана 4 сакавіка 2016. Последствия пожара в Мозырском драмтеатре имени И.Мележа

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Культура Мазыра
Катэгорыя·Тэатры паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Тэатры Беларусі
Катэгорыя·З’явіліся ў 1990 годзе
Катэгорыя·Славутасці Мазыра
Катэгорыя·Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа