Магілёўскі калгасны рынак, таксама Быхаўскі рынак — рынак у цэнтральнай частцы Магілёва. Размешчаны па адрасе вул. Быхаўская, 6. Плошча рынка складае 22,9 тыс. м², больш за 490 гандлёвых месцаў.
У час Вялікай Айчыннай вайны, 10 красавіка 1942 года рынак змыў паток вады, які прарваўся праз насып, што перакрыў рэчышча Дубравенкі ў выніку падрыву пры адступленні з горада ў ліпені 1941 года савецкіх войскаў[1].
У 1990-я гады меў мясамалочную кантрольную станцыю, халадзільную станцыю, бюро гандлёвых паслуг, якое садзейнічае рэалізаціі сельскагаспадарчай прадукцыі, гасцініцу на 30 месцаў. Стацыянарны сустрэчны гандль прадуктовымі і прамысловымі таварамі, гароднінай і садавінай вялі 17 гандлёвых арганізацый; фірмавыя павільёны меў Магілёўскі цяплічны камбінат. У перадсвяточныя дні на рынку праводзяцца кірмашы[2].
У 2014 годзе планавался на месцы рынку стварыць зону адпачынку, а гандлёвыя аб’екты перанесці ў раён Казіміраўкі на адмыслова пабудаваную і абсталяваную пляцоўку[3]. Пазней у тым жа годзе было вырашана не пераносіць рынак, а рэканструяваць яго[4].
У 2016 годзе быў прэзентаваны распрацаваны БелНДІгорадабудаўніцтва план рэгенерацыі гістарычнай зоны Магілёва, які прадугледжвае вынас рынку і ўзвядзенне на яго месцы аб’екта культурна-спартыўнага прызначэння[5].
У чэрвені 2019 года намначальніка ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама Аляксей Грышкін паведаміў, што на месцы Магілёўскага рынку плануецца стварыць паркава-прагулачную зону, а сам рынак перанесці на месца былога заводу штучнага валакна[6].