wd wp Пошук:

Літоўская дзяржава

Літоўская дзяржава або агульналітоўская дзяржава — этнічна літоўская дзяржава, якая існавала на землях літоўскага засялення ў пач. 2 тысячагоддзя н.э.

У шэрагу навуковых школ, найперш у літоўскай[1], гэтая дзяржава лічыцца простай і непасрэднай папярэдніцай Вялікага княства Літоўскага, а існаванне самой дзяржавы не аспрэчваецца. У навейшай беларускай гістарыяграфіі з’явіліся меркаванні аб тым, што такая дзяржава, як палітычнае ўтварэнне, не існавала.

Самым раннім дакументальным сведчаннем аб існаванні такой дзяржавы лічыцца дагавор 1219 г. літоўскіх князёў з Галіцка-Валынскім княствам, у якім згадваюцца імёны 20 літоўскіх князёў, у т.л. Міндоўга.

Гл. таксама: Праблема ўтварэння Вялікага княства Літоўскага.

На думку Пашуты, палітычны лад гэтай дзяржавы развіваўся, на працягу 13 — сяр. 14 ст., ад канфедэрацыі зямель праз іх саюз да адносна адзінай манархіі; тэрытарыяльны рост пачаўся ад г.зв. «Літвы Міндоўга», вакол якой аб’ядналіся землі Аўкштайціі, Жамойці, часткова — Яцвягіі і Земгаліі. Грамадскі лад дзяржавы быў пачаткова ўтвораны сінтэзам раннефеадальных інстытутаў незавершанага феадалізму на землях карэннай Літвы з развітымі інстытутамі федальна-раздробнага ладу на падпарадкаваных землях Русі; гэтакі сінтэз спрычыніў, пад сяр. 14 ст., развіццё феадальнай раздробленасці і на землях Літвы.

Неабходнымі ўмовамі для ўтварэння такой дзяржавы сталіся разбурэнне першабытна-абшчынных і развіццё феадальных грамадскіх адносінаў на землях літоўскага засялення ў 12 — пач. 13 ст., а непасрэдным повадам — ваенна-палітычная пагроза балцкім плямёнам у Прыбалтыцы з боку нямецкіх і скандынаўскіх каланістаў, рыцарскіх ордэнаў, Польшчы, а таксама, на думку раду аўтараў[2], з боку мангола-татараў.

Зноскі

  1. У савецкай гістарыяграфіі — Пічэта, Пашута і інш.
  2. Пашута і інш.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Гісторыя Літвы
Катэгорыя·Былыя краіны