wd wp Пошук:

Люцыян Хвецька

Люцыян Хвецька (22 лістапада 1889 в. Малышоўка, Сакольскі павет, Гродзенская губерня28 красавіка 1944, Стоўбцы) — рэлігійны і грамадскі дзеяч, публіцыст, выдавец, каталіцкі святар; адзін з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху ХХ ст.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў народнай школе ў Дамброве, пасля скончыў Сакольскае гарадское 3-класнае вучылішча (1904). Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі. У 1907 паступіў у Магілеўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу, якую скончыў у жніўні 1911. Прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі і скончыў яе ў 1915 са ступенню магістра тэалогіі.

Сябра беларускага культурна-асветнага гуртка ў акадэміі. Супрацоўнічаў з віленскім каталіцкім тыднёвікам «Bielarus» (1913-14) і петраградскім часопісам «Светач» (1916), у якім пад псеўданімам Л. Малышэвіч змяшчаў папулярныя артыкулы. Адзін з заснавальнікаў першай беларускай нацыянальна-рэлігійнай арганізацыі «Хрысціянская дэмакратычная злучнасць». Ініцыятар выдання і першы рэдактар-выдавец газеты «Krynica». Заснавальнік беларускай каталіцкай выдавецкай суполкі.

Пасвячоны ў святары 31.5.1915 біскупам Я. Цеплякам. Выконваючы душпастырскія абавязкі, служыў вікарыем пракафедральнага касцёла ў Пецярбургу. Да 1918 — у духоўнай каталіцкай семінарыі на пасадзе прафесара літургікі. Пэўны час працаваў у семінарыі аканомам. Пасля яе закрыцця бальшавіцкімі ўладамі прызначаны адміністратарам Пецярбургскага пракафедральнага касцёла. У мемарандуме беларускіх сеймавых паслоў-католікаў папу рымскаму ад 15.3.1923 быў прапанаваны на пасаду біскупа-суфрагана Віленскай дыяцэзіі.

Арыштаваны савецкімі ўладамі 10.3.1923. Праходзіў па справе біскупа Я. Цепляка і групы петраградскіх святароў, асуджаны на 10 гадоў турэмнага зняволення. У выніку польска-савецкага абмену палітычных вязняў 1.2.1925 быў датэрмінова вызвалены і дэпартаваны ў Польшчу.

У 1925-26 выкладаў Закон Божы ў мясцовасці Шыманова пад Варшавай. У канцы 1920-х гадоў, дзякуючы падтрымцы біскупа Э. Ропа, працаваў рэктарам Місіянерскага інстытута ў Любліне (1920-31). Займаўся між іншым унійнай працай сярод праваслаўных. З 1932 пробашч парафіі Шчытнікі Пінскай дыяцэзіі. Працаваў у духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пінску, дзе займаў пасаду прафесара пастаральнай тэалогіі і выкладаў беларускую мову. У 1933-39 скарбнік дыяцэзіяльнай курыі і віцэ-старшыня дыяцэзіяльнай рады.

З верасня 1939 служыў у Касцёле Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў Хатаве (зараз Стаўбцоўскі раён). Тут падчас нямецкай акупацыі ён стаў аб’ектам нападаў і пабояў мясцовых рабаўнікоў, якія называлі сябе партызанамі. У лютым 1944 падчас аднаго з такіх нападаў ксёндз Люцыян Хвецька ўцёк з плябаніі ў бялізне і босы, моцна застудзіўся, захварэў і неўзабаве памёр у стаўбцоўскім шпіталі.[1]

Пахаваны пры Хотаўскім касцёле.

Зноскі

  1. Туронак (2004)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Постаці беларускага каталіцтва
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Сакульскім павеце
Катэгорыя·Памерлі ў 1944 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся 22 лістапада
Катэгорыя·Выпускнікі Імператарскай Рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Памерлі ў Стаўбцоўскім раёне
Катэгорыя·Выпускнікі Санкт-Пецярбургскай Рымска-каталіцкай семінарыі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 28 красавіка
Катэгорыя·Памерлі ў Стоўбцах
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1889 годзе