У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Нірэнберг.
Луіс Нірэнберг (англ.: Louis Nirenberg; 28 лютага 1925 — 26 студзеня 2020) — амерыканскі матэматык канадскага паходжання, які зрабіў сур’ёзны ўклад у тэорыю дыферэнцыяльных ураўненняў у частковых вытворных, а таксама ў іх прымянення да камплекснага аналізу і геаметрыі.
Луіс Нірэнберг нарадзіўся ў горадзе Гамільтан, Канада, у сям’і настаўніка старажытнаяўрэйскай мовы Зусі Нірэнберга і Біны Кац. Размоўнай мовай у сям’і быў ідыш. З ранняга дзяцінства жыў у Манрэалі. Атрымаў адукацыю бакалаўра ва ўніверсітэце Мак-Гіла, доктарскую ступень атрымаў у Нью-Ёркскім універсітэце. У 1947 годзе пачаў працаваць у Інстытуце матэматычных навук імя Р. Куранта ў Нью-Ёрку.
У 1959 годзе яму была прысуджана прэмія імя М. Бохера, у 1966 годзе і 1975 годзе — стыпендыя Гугенхайма. У 1982 годзе стаў лаўрэатам прэміі Крафарда ў галіне нелінейных дыферэнцыяльных ураўненняў сумесна з Уладзімірам Арнольдам, у 1994 годзе — лаўрэатам прэміі Стыла, у 2010 годзе — прэміі Чэрна. Таксама ў 2010 годзе яму было прысвоена званне доктара навук (Honoris causa) ва Універсітэце Брытанскай Калумбіі. Нірэнберг быў правадзейным членам Амерыканскага матэматычнага таварыства і членам Нацыянальнай акадэміі навук ЗША (1969).