wd wp Пошук:

Лука Брэсэль

Лука Брэсэль (нідэрл.: Luca Brecel; нар. 8 сакавіка 1995, Дзільсан-Стокем, Бельгія) — бельгійскі прафесійны гулец у снукер. Пераможца чэмпіянату Кітая 2017 года і фіналіст German Masters 2016 года. Двухразовы ўдзельнік чэмпіянатаў свету (2012, 2017) і двухразовы чвэрцьфіналіст чэмпіянатаў Вялікабрытаніі (2012, 2016). З лютага 2016 года нязменна ўваходзіць у топ-32, а з жніўня 2017 — у топ-16 сусветнага рэйтынгу.

У 2009 годзе стаў самым маладым чэмпіёнам Еўропы сярод гульцоў да 19 гадоў, а ў сезоне 2010/2011 пачаў выступаць на турнірах серыі PTC і атрымаў уайлдкард на турнір German Masters, здзейсніўшы дэбют на рэйтынгавым турніры. У наступным сезоне далучыўся да прафесіяналаў ва ўзросце 16 гадоў, але ўпершыню прайшоў кваліфікацыю рэйтынгавага спаборніцтва толькі на чэмпіянаце свету 2012 года, выйграўшы чатыры адборачныя матчы і стаўшы самым маладым удзельнікам асноўнай стадыі чэмпіянату свету ў 17 гадоў. У канцы 2012 года дайшоў да свайго першага чвэрцьфіналу на чэмпіянаце Вялікабрытаніі, другога па значнасці рэйтынгавага спаборніцтва, а па выніках сезона 2013/2014 упершыню патрапіў у топ-64 снукерыстаў свету. У сезоне 2014/2015 упершыню дайшоў да паўфіналу рэйтынгавага турніру на адкрытым чэмпіянаце Уэльса, а ў 2016 годзе выйшаў у фінал German Masters, дзе саступіў Мартыну Гоўлду (5:9), і ўвайшоў у топ-32 сусветнага рэйтынгу. У сезоне 2016/2017 у другі раз выйшаў у чвэрцьфінал чэмпіянату Вялікабрытаніі і ў другі раз прабіўся ў асноўную стадыю чэмпіянату свету, а ў пачатку сезона 2017/2018 здабыў свой першы рэйтынгавы тытул, перамогшы на чэмпіянаце Кітая і стаўшы першым пераможцам рэйтынгавага спаборнцітва з кантынентальнай Еўропы, і ўпершыню ўвайшоў у топ-16 сусветнага рэйтынгу, а пазней дайшоў да чацвёртага ў кар’еры рэйтынгавага паўфіналу на World Open, падняўшыся на найвышэйшае для сябе 12-е месца ў рэйтынгу.

У агульнай колькасці займае дванаццатае месца ў сусветным рэйтынгу адзін тыдзень. Апроч дасягненняў на рэйтынгавых турнірах, дайшоў да фіналу аднафрэймавага прафесійнага турніру Shoot-Out у 2015 годзе, а на турнірах серыі PTC тры разы даходзіў да чвэрцьфінальнай стадыі. За прафесійную кар’еру аформіў больш за 60 сэнчуры-брэйкаў і ўваходзіць у топ-90 гульцоў з найбольшай колькасцю соценных серый у гісторыі снукера, а таксама зарабіў больш за 400 тысяч фунтаў, уваходзячы ў топ-80 снукерыстаў у гісторыі па гэтым паказчыку. Найвышэйшым брэйкам у кар’еры Брэсэля з’яўляецца серыя ў 140 ачкоў, якую ён выконваў тры разы.

Фіналы турніраў

Рэйтынгавыя турніры: 2 (1 перамога, 1 параза)

Легенда
Чэмпіянат свету (0:0)
Чэмпіянат Вялікабрытаніі (0:0)
Іншыя (1:1)
Вынік Год Турнір Апанент у фінале Лік
1 Параза 2016 German Masters Мартын Гоўлд 5:9
2 Перамога 2017 Чэмпіянат Кітая Шон Мёрфі 10:5

Прафесійныя снукерныя турніры: 3 (1 перамога, 2 паразы)

Легенда
Рэйтынгавыя турніры (1:1)
Нізкарэйтынгавыя турніры (0:0)
Нярэйтынгавыя турніры (0:0)
Турніры з альтэрнатыўным фарматам (0:1)
Вынік ПДВ Дата Турнір Апанент у фінале Лік
Параза 1 7 лютага 2016 German Masters, Берлін, Германія Мартын Гоўлд 5:9
Параза 2 14 лютага 2016 Shoot-Out, Рэдынг, Англія Робін Хал 36:50[пст 1]
Перамога 1 22 жніўня 2017 Чэмпіянат Кітая, Гуанчжоу, Кітай Шон Мёрфі 10:5
  1. Усе матчы на Shoot-Out складаліся з аднаго фрэйма. У графе пазначаны лік у фрэйме.

Брэйкі, вышэйшыя за 140 ачкоў

Легенда
140 Брэйк стаў найвышэйшым на турніры
140 Брэйк з'яўляецца рэкордным для снукерыста
НумарСезонТурнірСтадыяАпанентСерыяФрэймФЛ
1 2014/2015 Адкрыты чэмпіянат Уэльса 2015 1/32 фіналу Цянь Пэнфэй 140 5 Перамога (4:1)
2 2015/2016 Шанхай Мастэрс 2015 1/16 фіналу Марк Ален 140 4 Параза (3:5)
3 2015/2016 Адкрыты чэмпіянат Рура 2015 1/16 фіналу Чжан Аньда 140 4 Перамога (4:1)

Зноскі

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Снукерысты Бельгіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1995 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Дзільсан-Стокеме
Катэгорыя·Нарадзіліся 8 сакавіка
Катэгорыя·Асобы