Лепра (хвароба Хансена, хансеноз, хансеніяз; састарэлыя назвы — праказа, elephantiasis graecorum, lepra arabum, lepra orientalis, фінікійская хвароба, satyriasis, сумная хвароба, крымка, гультаяватая смерць, хвароба Святога Лазара і інш.) — хранічны гранулематоз (хранічнае інфекцыйнае захворванне), які выклікаецца мікабактэрыяй Mycobacterium leprae[2] і Mycobacterium lepromatosis.[3], працякае з пераважным паражэннем скуры, перыферычнай нервовай сістэмы, часам пярэдняй камеры вока, верхніх дыхальных шляхоў вышэй гартані, яечак, а таксама кісцяў і стоп.
Першапачаткова хвароба праходзіць бессімптомна, такі стан можа цягнуцца ад 5 да 20 гадоў.[2] Сімптомы ўключаюць гранулёмы нерваў, дыхальных шляхоў, скуры і вачэй.[2] Гэта можа ўплываць на магчымасць адчуваць боль, пацягнуць страту канечнасцей з-за шматлікіх траўмаў.[4] Таксама могуць прысутнічаць слабасць і пагаршэнне зроку.[4]
Два асноўныя тыпы захворвання звязаны з прысутнасцю некалькіх бактэрый: алігабацылярнасць і шматбацыялярнасць.[4] Два асноўныя тыпы адрозніваюцца па памеры нездаровай пігментацыі, наяўнасці анямелых участкаў скуры, якіх пры алігабацылярнасці пяць ці менш, а пры шматбацылярнасці больш за пяць.[4] Дыягназ пацвярджаюць выяўленнем кіслотаўстойлівых бацыл падчас біяпсіі скуры ці падчас адсочвання ў ДНК з дапамогай полімеразнай ланцуговай рэакцыі.[4] Найчасцей сустракаецца сярод беднага насельніцтва; мяркуецца, што перадаецца паветрана-кропельным шляхам.[4] Не вельмі заразная.[4]
Лепра вылечная, пры наяўнасці лячэння.[2] Алігабацылярную лепру лечаць медыкаментамі дапсон і рыфампіцын на працягу 6 месяцаў.[4] Лячэнне шматбацылярнай лепры ўключае рымфапіцын, дапсон і клафазімін на працягу 12 месяцаў.[4] Гэтае лячэнне бясплатна даецца Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.[2] Таксама можа ўжывацца шэраг іншых антыбіётыкаў.[4] У 2012 годзе колькасць хранічных выпадкаў лепры ва ўсім свеце складала 189 000, а колькасць новых выпадкаў складала 230 000.[2] Колькасць хранічных выпадкаў знізілася ў параўнанні з лічбай у 5,2 млн у 1980-х гадах.[2][5][6] Большасць новых выпадкаў з’яўляецца ў 16 краінах, больш за палову з іх у Індыі.[2][4] За апошнія 20 гадоў 16 млн чалавек ва ўсім свеце вылечыліся ад лепры.[2]
Лепра ўплывала на чалавецтва на працягу тысячагоддзяў.[4] Назва хваробы паходзіць ад лацінскага слова lepra, што азначае «лускаваты», а тэрмін «хвароба Хансена» звязаны з імем медыка Герхарда Хансена.[4] Змяшчэнне людзей у лепразорыі ўсё яшчэ адбываецца ў такіх краінах як Індыя, дзе хворых тысячы;[7] Кітай, дзе іх сотні,[8] а таксама ў Афрыцы.[9] Аднак большасць лепразорыяў зачынены.[9] Лепра атаясняецца з сацыяльнай стыгматызацыяй на працягу большай часткі гісторыі,[2] што перашкаджае хворым самастойна паведаміць пра захворванне і пачаць лячэнне на ранняй стадыі. У 1954 годзе быў заснаваны Сусветны дзень дапамогі хворым на лепру, каб прыцягнуць увагу да хворых на лепру.[10]